Салігорск: Дзяржаўныя СМІ ігнаруюць тэму правоў чалавека
Салігорскія праваабаронцы прааналізавалі змест мясцовых сродкаў масавай інфармацыі на наяўнасць матэрыялаў праваабарончага характару. Падчас маніторынгу выявілася выразная мяжа паміж незалежнымі СМІ і медыямі дзяржаўнымі ці канатралюемымі дзяржавай.
Выканкамаўская газета “Шахцёр”, дзяржаўны тэлеканал СТК, падкантрольныя дзяржаве прыватная газета “Лідэр-прэс” і папулярны сайт “Электронны Салігорск” тэму правоў чалавека фактычна не закранаюць. Рэдкія зацемкі на гэтую тэму датычацца адзначэння міжнародных датаў, прысвечаных абароне правоў некаторых групаў насельніцтва, і апавядаюць хутчэй пра дасягненні дзяржавы ў гэтых галінах, але не пра існуючыя праблемы. На згадкі пра грамадзянска-палітычныя правы ў гэтых выданнях фактычна накладзена табу. Зрэшты, і парушэнні сацыяльна-эканамічных правоў у гэтых СМІ амаль не закранаюцца. Калісці якасныя рэпаратажы Салігорскага тэлеканала пра правы інвалідаў-вазочнікаў урэшце зніклі з эфіру, хоць праблемы ў гэтай часткі насельніцтва нікуды не знікалі.
З іншага боку, праваабаронцы адзначаюць цікавасць да тэмы правоў чалавека з боку незалежных медыяў, якія, аднак, існуюць пераважна ў інтэрнэт-прасторы. Сайт САЛІГОРСК.org у гэтым плане праяўляе найбольшую актыўнасць. Тут асвятляецца сітуацыя з правамі чалавека не толькі ў рэгіёне, але і на агульнанацыянальным узроўні. Актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні займае і набіраючы папулярнасць сайт Салігорск-Інфа. Рэгіянальнае слуцка-салігорскае выданне “Інфа-Кур’ер” таксама часам уздымае даволі вострыя пытанні, датычныя тэмы правоў чалавека, але актаўнай пазіцыю рэдакцыі ў гэтым плане не назавеш.
Агулам масцовыя праваабаронцы канстатуюць фактычнае захаванне статуса-кво ў асвятленні сітуацыі з правамі чалавека ў рэгіёне цягам ужо некалькіх гадоў.