Гарадзенскія прадпрымальнікі правялі страйк
16 чэрвеня, у нядзелю, прадпрымальнікі найбольшых гарадзенскіх рэчавых рынкаў “Скідзельскі” і “Паўднёвы” страйкавалі і не выйшлі на працу. Размова ідзе найперш пра прадаўцоў вопраткі. Страйк доўжыўся пакуль толькі адзін дзень і меў папераджальны характар. У аўторак гандляры збіраюцца выйсці на працу, але будуць чакаць адказу на свае патрабаванні, якія ўжо перададзены ўладам, да 24 чэрвеня.
Верагодна, што з ліпеня забастуюць многія “рыначнікі” гораду над Нёманам. Прычына – заканадаўчыя новаўводзіны, паводле якіх уся прадукцыя (амаль кожная рэч асобна), якой гандлююць індывідуальныя прадпрымальнікі, павінна сертыфікавацца. Гэта адбываецца на фоне таго, што практычна ўсе прадпрымальнікі павінны ўвесці касавыя апараты, у тым ліку прадаўцы бытавой хіміі і аўтазапчастак. Усё гэта зыходзіць з тэхнічнага рэгламенту адзінага Мытнага саюза “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”, які прадугледжвае дакументальнае пацвярджэнне якасці тавараў. Зараз патрэбна пацвярджаць гэта нават для тавараў з Расіі, нягледзячы на адзіную мытную прастору з гэтай краінай.
Кажа прадпрымальнік Віталь Р.: “Мяркую, што прычына чарговага “даення” прадпрымальнікаў – гаспадарчы крызіс у дзяржаве. Улада прывыкла вырашаць эканамічныя праблемы нашым коштам, з кожным годам рабіць дробны бізнес у нас становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Праз тэлевізар мы чуем як у Беларусі квітнее эканоміка, а на нашай шыі ўсё мацней зацягваюць “пятлю”.