У Бераставіцы высяляюць прадпрымальнікаў (дакумент)
Непрыемны сюрпрыз атрымалі некалькіх прадпрымальнікаў Вялікай Бераставіцы, якія арандавалі памяшканні ў цэнтры гораду. Аддзел адукацыі Бераставіцкага райвыканкама разаслаў ім афіцыйныя лісты, у якіх паведаміў пра аднабаковае скасаванне дамоваў арэнды ў звязку з “существенным изменением обстоятельств, из которых стороны исходили при заключении договора”. Пры гэтым начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвынканкаму Яўген Буткевіч нічога не тлумачыць пра гэтыя істотныя змены акалічнасцяў.
Прадпрымальнікі трох бераставіцкіх крамаў зараз цягам месяца мусяць выселіцца з будынку, які стаіць па вуліцы Леніна. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне пра размяшчэнне там раённай санэпідэмстанцыі. Трэба заўважыць, што новых плошчаў прадпрымальнікам у арэнду не прапаноўваюць, маўляў іх няма. Знайсці ў гэтым раённым цэнтры прыдатнае памяшканне не так проста – адны з іх не падыходзяць для крамы, арэнда ў іншых занадта высокая. Праўда, прадпрымальнікам прапанавана будавацца самім у месцы па вуліцы Матросава, але гэта далёка ад цэнтра гораду, ды і не ў стане дробныя прадпрымальнікі малога населенага пункта інвеставаць значныя сумы ў будаўніцтва.
Гарадзенскія грамадскія актывісты не раз звярталі ўвагу на тое, што ў Гарадзенскай вобласці стаўленне ўладаў да развіцця малога і сярэдняга бізнесу адно з самых горшых у Беларусі. Сітуацыя ў Вялікай Бераставіцы пацвярджае гэта чарговы раз.