Заява прэс-сакратароў Высокага прадстаўніка ЕЗ Кэтрын Эштан і Камісара Штэфана Фюле па прыняцці рэзалюцыі аб правах чалавека ў Беларусі Радай па правах чалавека
Брусэль, 14 чэрвеня 2013 года
Сёння Высокі прадстаўнік Звяза па замежных справах і пытаннях бяспекі Кэтрын Эштан і камісар Штэфан Фюле зрабілі наступную заяву:
"Мы вітаем учорашняе прыняцце рэзалюцыі па Беларусі выразнай большасцю членаў Рады па правах чалавека. Мы адзначаем узрастаючую падтрымку гэтай ініцыятывы й выказваем нашую падзяку ўсім партнёрам, якія працавалі над ёй у Еўразвязе.
Мы таксама вітаем падаўжэнне мандата Адмысловага дакладчыка ААН па Беларусі, спадара Міклаша Харашці, які будзе працягваць незалежнае й ураўнаважанае інфармаванне й выпрацоўку парад для беларускіх уладаў па становішчы з правамі чалавека ў краіне. Мы заклікаем беларускія ўлады ў поўнай меры супрацоўнічаць з ім.
Мы вельмі шкадуем, што ў тыдзень прыняцця гэтай рэзалюцыі, якая звяртае ўвагу на смяротнае пакаранне ў краіне, яшчэ два чалавекі былі прысуджаныя да смерці ў Беларусі. Мы спадзяемся, што ён максімальна выкарыстае сваё права на абскарджанне.
Мы прымаем да ведама аднаўленне парламенцкай рабочай групы па смяротным пакаранні ў Беларусі. Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да ягонай поўнай адмены.
Нагадваем, што развіццё двухбаковых адносін паміж ЕЗ і Беларуссю залежыць ад поступу ў выкананні Беларуссю прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека. ЕЗ па-ранейшаму гатовы аказваць дапамогу Беларусі ў выкананні ейных абавязацельстваў у гэтым кірунку."