Справа аб шпіянажы: суд над Андрэем Гайдуковым пераносіцца
Маці Вольга Гайдукова паведаміла, што суд над яе сынам будзе працягнуты ў панядзелак. Так ёй сказалі адвакаты Андрэя.
Яны паведамілі, што хлопец трымаецца спакойна, але па-ранейшаму не зусім здаровы: гаварыць не можа праз кашаль,паведамляе Радыё Свабода. |
У наступны панядзелак у судзе будуць дапытваць сведкаў. Выкліку ў суд у якасці сведкі спадарыня Гайдукова так і не дачакалася.
Яна рыхтавалася ехаць у Віцебскі абласны суд, атрымаўшы позву. Але цяпер гаворыць, што паедзе ў Віцебск нават калі суддзі не захочуць слухаць яе сведчанні.
Пра тое, што вырак Андрэю Гайдукову будзе зачытаны публічна, і напрыканцы ў суд пусцяць усіх, маці падсуднага сказала так:
«Гэта ўжо не будзе мець ніякага значэння. Калі людзям не далі паслухаць усё ад пачатку, а потым проста прачытаюць вырак, то ніхто так і не даведаецца, у чым жа вінавацяць Андрэя, за што яго лічаць шпіёнам. Як верыць таму, што мы пачуем? Як лічыць прысуд абгрунтаваным, калі па сутнасці нічога не вядома? Навошта было рабіць з гэтага суду такую таямніцу?»
Суд над Андрэем Гайдуковым пачаўся ў сераду, 12 чэрвеня. Працэс праходзіць за зачыненымі дзвярыма.
23-гадовы Андрэй Гайдукоў, які працаваў аператарам на Наваполацкім НПЗ «Нафтан», быў затрыманы 8 лістапада 2012 года; паводле версіі следства — «у момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Пасля затрымання яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ у Мінск. Потым маладога чалавека неаднаразова перавозілі з Мінска ў Віцебск і назад.
Па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці) Гайдукову пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Андрэй
Гайдукоў з’яўляецца лідарам незарэгістраванага грамадскага аб`яднання «Саюз
маладых інтэлектуалаў» і актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская
хрысціянская дэмакратыя» (БХД).