viasna on patreon

Павел Левінаў патрабуе, каб Гайдукову змянілі меру стрымання

2013 2013-06-13T16:50:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Віцебскі праваабаронца звярнуўся з такім патрабаваннем да суддзі абласнога суду Галіны Урбановіч, якая вядзе працэс па "шпіёнскай справе". Таксама Павел Левінаў напісаў скаргу ў Следчы камітэт і паведаміў пра ўсе заўважаныя ім парушэнні старшыні абласнога суду Мікалаю Хамічонку.

Павел Левінаў спрабаваў трапіць на прыём да старшыні суду яшчэ ўчора, але Мікалай Хамічонак быў у камандзіроўцы. Сёння сустрэча адбылася, сказаў праваабаронца:

"Я паказаў спадару Хамічонку складзены мной учора маніторынг парушэнняў. І старшыня суду адзначыў, што шкадуе пра сваю ўчорашнюю адсутнасць, бо пагадзіўся з некаторымі маімі заўвагамі. У прыватнасці, што пра  характар працэсу трэба было аб'яўляць інакш: у раскладзе суду няма паведамлення, што працэс Гайдукова закрыты. Таму ўзнікаюць праблемы: некаторыя супрацоўнікі суду нават абураюцца, што яны, маўляў, усіх былі гатовыя пусціць, бо працэс адкрыты. Насамрэч ён закрыты, і я параіў спадару Хамічонку недзе побач з раскладам вывесіць пісьмовае тлумачэнне, з якой прычыны трэба было зачыняць працэс, надзвычай цікавы для ўсёй беларускай грамадскасці. Я распавёў і пра тое, як груба паводзілі сябе міліцыянты, што ахоўвалі будынак".

Пра абуральныя паводзіны міліцыянтаў спадар Левінаў падаў заяву ў Следчы камітэт. На яго меркаванне,  начальніка  аддзела аховы правапарадку Кастрычніцкага РАУС А.Комара варта прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за тое, што ён замінаў працы журналістаў, пагражаў ім затрыманнямі.

На імя суддзі абласнога суду Галіны Урбановіч праваабаронца напісаў патрабаванне пра змену стрымання для Андрэя Гайдукова:

"Я лічу, што парушана прэзумпцыя невінаватасці. Чаму чалавек, віна якога не даказана, сядзіць падчас працэсу ў "клетцы"? У мяне ёсць звесткі, што гэта так. І чаму яго ўвогуле трымаюць пад вартай. Лічу, што суддзя Галіна Урбановіч, якая вядзе працэс па справе Андрэя Гайдукова, парушае ягоныя правы".

Паводле Паўла Левінава, працэс пакуль што запланаваны на два дні: на 12 і 13 чэрвеня. Маці падсуднага, Вользе Гайдуковай, сказалі, што працэс зойме прыкладна 5 дзён. Яна спадзяецца, што яе выклічуць на суд у якасьці сведкі, і яна ўпершыню за 7 месяцаў зможа ўбачыць сына. Ёй тройчы адмаўлялі ў мажлівасці сустрэцца падчас следства па сынавай справе, я цяпер яна чакае адзінай магчымасці яго ўбачыць.

Гайдукова судзяць за парушэнне  двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: часткі 1 артыкула 14 — «Замах на злачынства», і часткі 1 артыкула 356 — «Здрада дзяржаве». 23-гадоваму аператару наваполацкага «Нафтану» пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення. Рэзалюцыйную частку прысуду Андрэю Гайдукову зачытаюць у адкрытым пасяджэнні. 

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску нібыта падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць  замежныя спецслужбы. З таго часу яго трымалі пад вартай то ў Мінскім СІЗА КДБ, то ў віцебскім СІЗА. Следства праводзіў супрацоўнік віцебскай управы КДБ Алег Барысевіч.

Родныя і сябры лічаць абвінавачанне ў шпіянажы бязглуздым. Яны мяркуюць, што КДБ на прыкладзе Гайдукова проста імкнецца запалохаць апазіцыйных актывістаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства