Студэнты пратэстуюць: сцэну для ўніверсітэта культуры не могуць дабудаваць ужо 6 гадоў
Так склалася, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў ад часоў свайго заснавання не мае ніводнай уласнай сцэны, дзе студэнты, якія ў тым ліку рыхтуюцца і да працы ў тэатры, маглі б паказаць сваё майстэрства ці проста парэпетаваць. Cтудэнтка Факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКМ наважылася выправіць сітуацыю і звярнулася па публічную падтрымку да ўсіх неабыякавых. І ўжо дамаглася пэўнага поспеху.
«Важныя справы трэба даводзіць да канца», — каментуе карыстальнік Павел Макееў петыцыю, створаную Нінай Якімовіч на партале change.org. Электронная петыцыя, папулярны апошнім часам у беларусаў шлях звароту да ўладаў, — яшчэ адзін метад дагрукацца да кіраўніцтва ВНУ і адміністрацыі гораду. Апошнім, дарэчы, кіруе Барыс Святлоў, які яшчэ некалькі месяцаў таму быў рэктарам БДУКМ.
«У 2007 годзе распачатае будаўніцтва Спартыўна-культурнага цэнтру (СКЦ) БДУКМ», — гаворыцца ў петыцыі. — Аднак «апошнія некалькі гадоў будаўнічыя працы фактычна не вядуцца. Тое, што было пабудавана з 2007 году, зараз знаходзіцца пад адкрытым небам і ператвараецца ў будаўнічае смецце», — працягвае дзяўчына.
Паводле петыцыі, якую ўжо падпісалі болей за 700 чалавек, не толькі навучэнцаў, «пакутуюць студэнты, якія пазбаўленыя магчымасці займацца спортам ва ўласных залях і праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы на вялікай пляцоўцы. У БДУКМ няма нават сваёй актавай залі…»
Аднак петыцыя — толькі частка намаганняў Ніны ў межах грамадскай кампаніі «Комплекс БДУКМ будуем сумленна і празрыста!». Яна таксама звярнулася у Міністэрства адукацыі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Мінскі выканаўчы камітэт, Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Сапраўды, будаўніцтва мусіла скончыцца яшчэ 2 гады таму. Аднак гэту дату пастаянна мянялі, і мала хто верыць у яе апошні варыянт — 31 снежня 2013 году.
«Гледзячы на будоўлю, студэнты страцілі надзею пазаймацца ў гэтым цэнтры за час навучання ва ўніверсітэце. Яны нават жартуюць, што яго дабудуюць тады, калі іх дзеці будуць вучыцца ў ВНУ», — кажа Ніна.
Дзяўчына, якая вывучае ў БДУКМ «рэжысуру народных абрадаў і святаў», называе сітуацыю абсурднай: «Гэта тое ж самае, як выкладаць праграмаванне без кампутара», — кажа Ніна.
Як паведаміла студэнтка Generation.by, яе кампанія ўжо дамаглася пэўных поспехаў. Пасля распаўсюду інфармацыі аб ёй са студэнткай згадзіўся сустрэцца прарэктар, які назваў канкрэтны кошт будаўніцтва: за шэсць гадоў кампанія «Мідзіс», што вяла будоўлю, атрымала каля 15 млрд. рублёў. Аднак у час крызісу 2011 году яна абанкруцілася. У 2012 годзе на яе месца прыйшлі будаўнікі з кампаніі «Стека-групп». Яны і абяцаюць дабудаваць спартовы і культурны цэнтр.
Дзяржкантроль абяцае, што будаўнічыя працы адновяцца ўжо ў гэтым месяцы, а завершацца ўлетку 2014 году.
Цікава, што былы рэктар БДУКМ і міністр культуры Святлоў так і не адказаў на петыцыю Ніны.