viasna on patreon

Бялынічы: за адстойванне інтарэсаў шматдзетных сем’яў абазвалі “пятай калонай”

2013 2013-06-06T12:38:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynounik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па словах старшыні бялыніцкага ЖБК “Дванаццаць” для шматдзетных сем’яў Пятра Шымбалёва, прадстаўніком “пятай калоны” абазваў яго падчас асабістай сустрэчы ў Бялыніцкім райвыканкаме намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ерашэнка.

Падставай для такой характарыстыкі з боку райвыканкамаўскага чыноўніка прадстаўніка шматдзетных сем’яў паслужыла тое, што Пётр Шымбалёў паспрабаваў атрымаць ад чыноўніка тлумачэнні наконт новага Указа прэзідэнта Беларусі № 246 ад 30 траўня 2013 года аб льготным крэдытаванні, а таксама яго просьба прадставіць пратакол сустрэчы з райвыканкамаўскімі і аблвыканкамаўскімі чыноўнікамі ў Бялыніцкім райвыканкаме, што адбылася 30 траўня.

“Я завітаў да Андрэя Ерашэнкі 4 чэрвеня, у дзень нарады ў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях жыллёвага будаўніцтва, - распавядае Пётр Шымбалёў. – У нас адбылася гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама, падчас якой я ў чарговы раз ад імя шматдзетных сем’яў запатрабаваў прадаставіць членам ЖБК “Дванаццаць” пратакол сустрэчы з аблвыканкамаўскімі і райвыканкамаўскімі чыноўнікамі, якая адбылася 30 траўня. Тады Андрэй Ерашэнка і абазваў мяне “пятай калонай” за адстойванне інтарэсаў шматдзетных сем’яў”.

Згодна расказу Пятра Шымбалёва і іншых шматдзетных бацькоў, 30 траўня чальцоў ЖБК "Дванаццаць" збіралі ў Бялыніцкім райвыканкае, на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі з Магілёўскага аблвыканкама і Нацыянальнага банка. Падчас сустрэчы чыноўнікі ціснулі на чальцоў ЖБК “Дванаццаць” і прапаноўвалі ім ці браць дадатковыя неільготныя крэдыты, ці адмаўляцца ад кватэр у будуемым доме. Прычым адказ ад шматдзетных бацькоў патрабавалі даць на працягу дня, пагражаючы ў іншым выпадку выключыць са складу кааператыва.

“Зараз нам зразумела, што нас проста спрабавалі запалохаць, каб на нарадзе ў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі дакласці, што пытанне з ЖБК “Дванаццаць” паспяхова вырашана (на нарадзе ў прэзідэнта 4 чэрвеня было ўзнята пытанне аб праблеме шаматдзетных сем’яў з Бялыніч – з. р.). Пазней мне адмовілі ў прадастаўленні пратакола вядзення гэтай сустрэчы і намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Андрэй Ерашэнка, і яго старшыня Аляксандр Варонін. Думаю, яны гэта зрабілі, каб грамадзяне Беларусі не змаглі прачытаць і даведацца, што сапраўды думаюць аб эканамічнай сітуацыі ў краіне чыноўнікі з аблвыканкама і старшыня ўпраўлення Нацбанка па Магілёўскай вобласці Раіса Лычкоўская. Таксама чыноўнікі не хочуць, каб бялынічане змаглі прачытаць, як “слугі народа” размаўляюць з людзьмі, адзіная віна якіх у тым, што яны нарадзілі і выхоўваюць шмат дзяцей і патрабуюць да сябе чалавечых адносін, адстойваючы свае інтарэсы”, - кажа Пётр Шымбалёў.

Па словах Пятра Шымбалёва, пасля нарады ў кіраўніка краіны 4 чэрвеня ціск на шматдзетных бацькоў з боку чыноўнікаў прыпыніўся.

“Мы збіраліся ўятніцу 7 чэрвеня ўсе разам з сем’ямі ехаць на асабісты прыём у адміністрацыю прэзідэнта, каб там распавесці пра нашы праблемы і адстойваць свае правы, - кажа Пётр Шымбалёў. - Аднак 6 чэрвеня ў Бялыніцкім райвыканкаме мне сказалі, што ў гэты дзень адбудзецца агульны сход чальцоў ЖБК “Дванаццаць”, на якім шматдзетным бацькам будуць прапанаваны шляхі вырашэння праблемы”.

Раней на ўсе звароты бялыніцкіх шматдзетных сем’яў у самыя розныя інстанцыі прыходзілі толькі адпіскі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства