Віцебскі абласны суд падтрымаў звальненне актывіста СПБ
Суддзі пакінулі без задавальнення касацыйную скаргу старшыні суполкі незалежнага прафсаюзу Віктара Стукава. Той спрабаваў абскардзіць пастанову Полацкага гарадскога суду, які пацвердзіў слушнасць звальнення актывіста з прадпрыемства "Полацк-Шкловалакно".
На пасяджэнні, якое прайшло 3 чэрвеня, судовая калегія вырашыла, што Полацкі гарсуд вынес справядлівую пастанову пра законнасць звальнення кіраўніка "пярвічкі" СПБ.
У абласным судзе Віктар Стукаў даводзіў, што полацкая суддзя Ірына Даротка не ўлічыла ніводнага аргумента на ягоную карысць. Не звярнула ўвагі на тое, што прафсаюз не даваў згоды на яго звальненне. Не ўлічыла і вынікі экспертызы сродкаў бяспекі працы, прызнаных шкоднымі для работнікаў. Абласны суд таксама не прыняў гэты аргумент, гаворыць Віктар Стукаў:
"Мяне звольнілі за парушэнні патрабаванняў рэжыму і аховы працы. У прыватнасці, аднойчы заўважылі адсутнасць акуляраў, у якіх трэба працаваць. Гэтыя акуляры ніхто не хоча насіць, бо яны нязручныя і болей шкодзяць, чым дапамагаюць. За ўласны кошт я замовіў экспертызу, якая пацвердзіла: ад акуляраў не толькі няма карысці, але хутчэй наадварот… Полацкі гарадскі суд вырашыў, што раз іх загадана насіць, то і адмова ад гэтага кваліфікуецца як парушэнне. Абласны суд таксама пагадзіўся. Адпаведна, абодва суды "легалізавалі" рашэнне адміністрацыі "Шкловалакна", якая патрабуе, каб работнікі карысталіся непрыдатнымі для аховы здароўя сродкамі".
Віктар Стукаў перакананы, што ягонае звальненне з прадпрыемства звязана з узмацненнем даверу да СПБ – і на "Полацк-Шкловалакне", і на іншых полацкіх прадпрыемствах. І ў гэтым суды падтрымалі пазіцыю адміністрацыі. Несправядлівую, на думку актывіста:
"Я лічу, што парушана і маё права на працу, і свабода аб'яднанняў. Бо я кіраўнік суполкі СПБ, і маё звальненне – гэта перадусім спроба запалохаць маіх аднадумцаў".
Прафсаюзны актывіст плануе звярнуцца ў Вярхоўны суд. Але нават у тым выпадку, калі аднавіцца на працы з дапамогай судовых структур у яго не атрымаецца, Віктар Стукаў вырашыў працягваць сваю дзейнасць у СПБ. Бараніць правы працоўных ён будзе ў якасці "вызваленага" кіраўніка прафсаюзнай суполкі на "Полацк-Шкловалакне".