Андрэй Бастунец: Пэўныя пазітыўныя зрухі не змяняюць сітуацыі ў цэлым
4 чэрвеня сесія Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе мае абмеркаваць справаздачу спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харашці.
Істотная ўвага ў дакладзе надаецца сітуацыі са СМІ і правамі журналістаў у нашай краіне.
Напярэдадні гэтай падзеі, 27 мая, у сталіцы Швейцарыі "Сетка дамоў правоў чалавека" зладзіла адмысловы брыфінг, удзел у якім узяў намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.
Пасля вяртання ён пераказаў прэс-службе ГА “БАЖ” асноўныя тэзісы сваёй прамовы.
Па яго словах, некаторыя праблемы, адзначаныя ў дакладзе Міклаша Харашці, ужо выпраўленыя афіцыйным Мінскам: спыненая крымінальная справа ў дачыненні да гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута, адсунулася пагроза закрыцця незалежнага часопіса “Arche-Пачатак”.
“Гэтым дзвюм падзеям, на маю думку, можна было б нават даць высокую ацэнку, калі забыцца на тое, што летась гэтыя справы ўзніклі абсалютна на пустым месцы, – зазначыў Андрэй Бастунец. – Таму мы не маем ніякіх гарантый, што падобная сітуацыя не паўторыцца. Тым больш што літаральна месяц таму беларускі суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі фотаальбомы “Прэс-фота Беларусі-2011”. Ну і, безумоўна, нельга не зважаць на нядаўнюю серыю арыштаў незалежных журналістаў. Усе апошнія факты сведчаць, на маю думку, пра касметычны характар зменаў у сферы СМІ, якія нібыта здзейснілі ўлады”.
У часе жэнеўскага брыфінгу намеснік старшыні ГА “БАЖ” звярнуў увагу яшчэ на некалькі праблем, якія для Беларусі сталі ўжо хранічнымі: 6 артыкулаў крымінальнага кодэксу, якія па-ранейшаму прадугледжваюць адказнасць за дыфамацыю; магчымасць закрыць любое выданне пасля двух папярэджанняў цягам года, незалежна ад цяжкасці правінаў рэдакцыі; драконаўскі парадак акрэдытацыі ў Беларусі карэспандэнтаў замежных СМІ, які фактычна пазбаўляе многіх беларускіх грамадзян займацца зборам і распаўсюдам інфармацыі на тэрыторыі сваёй краіны.
Паводле Андрэя Бастунца, удзел у брыфінгу ўзялі больш за 60 чалавек, сярод якіх было шмат прадстаўнікоў афіцыйных дэлегацый – удзельніц сесіі Савета ААН па правах чалавека.