Баранавічы: адбыўся гістарычна-культурніцкі фэст памяці паўстанцаў 1863 года (фота)
Ля Мілавідаў (Баранавіцкі раён) 2 чэрвеня адбыўся гістарычна-культурніцкі фэст памяці паўстанцаў 1863 года.
Раней мы паведамлялі, што Баранавіцкі райвыканкам двойчы забараніў правядзенне фэсту ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года. Падставай для адмовы ў правядзенні гістарычна-культурніцкай акцыі стала тое, што ўлады нібыта самі плануюць зладзіць на тым жа месцы ў той жа час сваё мерапрыемства да 150-годдзя бітвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага і Аляксандра Лянкевіча.
Аднак грамадскія актывісты, якіх сабралася больш за 100 чалавек, не ўбачылі там ніякіх прыкметаў афіцыйных урачыстасцяў, калі 2 чэрвеня прыехалі на Мілавідскае поле.
Таму аматары беларускай гісторыі і культуры з Баранавічаў, Мінску, Брэста, Слоніму і Івацэвічаў запалілі знічкі і ўсклалі кветкі да помнікаў у гонар паўстанцаў 1863 года. Алесь Марачкін, Мікола Купава, Алесь Мара і іншыя мастакі ўсклалі да помніка ўласнаручна зроблены вянок з дубовых галінак, пераплецены бел-чырвона-белай стужкай. Прысутныя праспявалі гімн-малітву “Магутны Божа” ў гонар загінулых паўстанцаў і затым накіраваліся ў вёску Русіны на сядзібу Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, дзе і прайшла ўрачыстая імпрэза, прысвечаная 150-годдзю гераічнай бітвы паўстанцаў.
Перад прысутнымі выступілі старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, вядомы ў Баранавічах краязнаўца, які шмат зрабіў для ўшанавання слынных землякоў, Міхась Бернат. Пра мастацкае ўвасабленне паўстання 1863 года і яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага ў беларускай літаратуры распавяла Анэля Камбалава. З цікавай прамовай, аздобленай вершамі, выступіў кандыдат гістарычных і філалагічных навук Язэп Янушкевіч.
А пераможцамі гістарычнай віктарыны, прысвечанай паўстанню Кастуся Каліноўскага, сталі Аляксандр Паўлоўскі, Ларыса Гоўша і Зміцер Рымша. Удзельнікі фэсту мелі мажлівасць надпісаць паштоўкі палітвязням, скарыстаўшыся “поштай касінераў”, атрымаць у падарунак каляровыя і прыгожыя паштоўкі і буклеты, а таксама адмысловы нумар газеты “Мужыцкая праўда”, а таксама пачаставацца караваем, аладкамі, кашай касінераў, прыгатаванымі ў палявых умовах. Не абышлося без традыцыйнага шведскага стала з бутэрбродамі.
Мастацкую частку імпрэзы склалі амаль паўнавартасныя канцэрты бардаў Зміцера Бартосіка і Віктара Шалкевіча, музыка саксафаніста Валеры Шылы, рэканструкцыя двубояў Баранавіцкага рыцарскага клуба “Шляхецкая застава”, а таксама дэманстрацыя сялянскага і і шляхецкага адзення 19 ст., якую зрабіў каардынатар “Гісторыка-культурнай кампаніі 1863” Васіль Грынь і Юля Літвінава.
Перашкодаў з боку праваахоўнікаў не было.