Слонім: скасаваны працягнуты месяц таму кантракт з доктарам Іванам Шэгам (дакументы)
Слонімцы Віктар Марчык і Іван Бедка падалі заяўку ў Слонімскі райвыканкам на дазвол аб правядзенні 27 чэрвеня ў цэнтры Слоніма пікета ў абарону вядомага слонімскага доктар траўматолага-артапеда і грамадскага актывіста Івана Шэгі.
Доктару Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Івану Шэгу сёлета споўнілася 60 гадоў, 30 гадоў ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы. Доктар вопытны, спецыяліст вышэйшай катэгорыі, якога ведаюць як добрага спецыяліста ўсе жыхары Слонімшчыны і нават суседніх раёнаў, ён поўны сіл і энергіі працаваць і надалей. І гэта ведае і галоўны ўрач Слонімскай ЦРБ Юрый Пяцельскі. 24 красавіка за подпісам Пяцельскага Іван Іванавіч Шэга атрымаў афіцыйнае пісьмо: “Адміністрацыя УА “Слонімская ЦБР паведамляе, што з Вамі будзе працягнуты кантракт тэрмінам на адзін год з 28 чэрвеня 2013 года да 27 чэрвеня 2014 года”. Вядома ж, свой мясцовы доктар, як такога можна выганяць, калі ён добры спецыяліст, а ў Слонімскай ЦРБ сёння не хапае дзесятка дактароў. Напрыклад, каб патрапіць да неўрапатолага, трэба чакаць месяц, да уролага -- каля двух месяцаў, тое самае і з траўматолагамі. Не хапае ў Слоніме траўматолагаў, бо нядаўна два добрых спецыялісты пераехалі ў Калінкавічы, уролаг — адзін і то ён даўно пенсіянер. Маладыя спецыялісты прыедуць, адпрацуюць два гады і пакідаюць горад. І раптам, 21 мая Іван Шэга атрымлівае ад таго ж Пяцельскага новае пісьмо, дзе галоўны ўрач папярэджвае: “Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня Вы будзеце звольнены ў сувязі з канчэннем тэрміну кантракта, п.2 ст.35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.
Такое рашэнне галоўнага ўрача Слонімскай ЦРБ Пяцельскага не на карысць усіх слонімцаў. У абарону доктара Івана Шэгі і запланаваны пікет у Слоніме.
Адначасова сярод жыхароў Слонімшчыны актыўна пачаўся збор подпісаў пад калектыўным зваротам у Слонімскі райвыканкам, Гродзенскі аблвыканкам, Міністэрства аховы РБ, адміністрацыю Прэзідэнта РБ, у якім людзі просяць даць ім мажлівасць лячыцца ў вопытнага доктара, якому яны давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў. У абарону доктара Івана Шэгі ужо сабрана слонімцамі 250 подпісаў і адпраўлены па адрасах. Збор подпісаў працягваецца і слонімцы актыўна ставяць свае подпісы і незадаволены такім учынкам спадара Пяцельскага.