Дзяржаўныя ведамствы адпісаліся БАЖ
Мінюст, МУС, Генпракуратура і Следчы камітэт, да якіх ГА «БАЖ» звярталася з нагоды арыштаў Ярашэвіча, Барбарыча і Галко, даслалі пісьмовыя адказы.
Міністэрства юстыцыі, якое журналісцкая арганізацыя заклікала “забяспечыць галоснасць судовай вытворчасці”, адказала, што “працэсуальныя пытанні судовага разбору не адносяцца да іх кампетэнцыі”.
Міністэрства ўнутраных спраў сцісла паінфармавала, што “дзейнасць органаў унутраных спраў рэгламентаваная законам “Аб органах унутраных спраў”, і што “кантроль і нагляд ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам”. ГА “БАЖ”, нагадаем, заклікала МУС “забяспечыць няўхільнае выкананне заканадаўства супрацоўнікамі міліцыі і спыніць выпадкі злоўжывання імі правамі і паўнамоцтвамі”.
Генеральная пракуратура, якую журналісцкая арганізацыя прасіла зладзіць неадкладную праверку з нагоды затрыманняў і арыштаў калег, лічыць, што скардзіцца павінныя самі пацярпелыя: “Калі названыя ў Вашым звароце лічаць, што ў выніку прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці парушаныя іх правы і законныя інтарэсы, яны маюць права самастойна звярнуцца з адпаведнымі скаргамі ў органы пракуратуры ці суд...”
Следчы камітэт заклікалі праверыць, ці не прысутнічаюць у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі прыкметы злачынства, прадугледжанага арт. 198 КК (стварэнне перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналіста). “Паколькі ў сваёй заяве Вы не прыводзіце якіх-небудзь аб’ектыўных фактаў, якія ўказваюць на ажыццяўленне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і работнікамі суда крымінальна каральных дзеянняў, падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ не маецца”, – піша начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян С. Тухто.
“Я б назвала гэтыя адказы менавіта адпіскамі, – кажа старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. – Гэтыя лісты не наблізілі ўзаемаразумення журналістаў з міліцыяй і не знялі пастаўленых пытанняў. А між тым, сітуацыя з затрыманнямі і прысудамі нашым калегам вымагае дэталёвага разгляду і адэкватнага рэагавання з боку кіраўнікоў пэўных ведамстваў... Чаму ва Украіне справа пра напад на журналістаў бярэцца пад асаблівы кантроль МУС? Чаму ў Расіі стала магчыма ўвядзенне “картак бяспекі” для журналістаў, які працуюць на вулічных акцыях? Чамусьці такі досвед працы сілавых ведамстваў усходніх суседзяў не робіцца прыкладам для нашых. А між тым, я ўпэўненая, надыдзе той момант, калі да абмеркавання гэтых балючых пытанняў усё роўна давядзецца вярнуцца...”
Нагадаем, што 13 мая ГА “БАЖ” накіравала старшыню Следчага камітэта Валянціну Шаеву, міністру юстыцыі Алегу Сліжэўскаму, міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу і Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку афіцыйныя лісты і тэкст прынятай 8 мая заявы.
У заяве згадваліся нядаўнія затрыманні і прысуды сябрам ГА “БАЖ” Дзмітрыю Галко і Аляксандру Ярашэвічу (10 і 12 сутак арышту адпаведна), а таксама ранейшы аналагічны інцыдэнт з удзелам таго ж Ярашэвча і сябра ГА “БАЖ” Генадзя Барбарыча (па трое сутак кожнаму). Акрамя таго, арганізацыя звяртала ўвагу на грубыя парушэнні прынцыпу галоснасці судовай вытворчасці ў часе слуханняў па іх справах.