viasna on patreon

Бабруйчане папросяць Васьковіча напісаць прашэнне аб памілаванні

2013 2013-05-29T15:15:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasjkovich1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Васьковіч

Яўген Васьковіч

Бабруйскія грамадскія актывісты непакояцца за палітвязня Яўгена Васьковіча, які надта часта трапляе ў карцар, месяцамі не дасылае ці не атрымлівае лісты. Таму яны вырашылі распачаць своеасаблівую акцыю: даслаць Яўгену як мага болей лістоў з просьбай напісаць прашэнне аб памілаванні.

Маці хлопца Рушання Васьковіч, не верыць у тое, што гэта дасць плён.

- Я заводзіла гэтую тэму ў размовах з Жэням, і не аднойчы. А ён злуецца, і кажа “мама, гэта не абмяркоўваецца!” Мне падаецца, што такія лісты яго яшчэ больш азлобяць, баюся, што не захоча зусім ліставацца. У нашых размовах Жэня прасіў, каб гэтае пытанне не ўздымалася ў СМІ.

Рушання Васьковіч кажа, што лісты ад Яўгена да яе прыходзяць, але не часта. Падчас тэлефонных размоваў сын патлумачыў перабоі ў перапісцы тым, што яму “часам не хочацца пісаць”.

Галіна Смірнова, мясцовы каардынатар прафсаюза РЭП і адна з ініцыятараў такога ліставання, мяркуе, што верагоднасць пераўпэўніць Яўгена ёсць.

- Я даўно і моцна хвалююся за Жэню, страшна падумаць, што там з ім адбываецца, і вельмі хацелася б, каб ён быў тут з намі. Гэтае пытанне ўзнялі на абласной канферэнцыі БХД, якая праходзіла ў Бабруйску. Мы падумалі, што калі Жэню напішуць, у першую чаргу, кіраўнікі яго партыі, напрыклад, Павел Севярынец. Гэта можа пераканаць хлопца. А яшчэ лепш будзе, калі як мага больш людзей напіша яму, наколькі важна, каб ён не марнаваў сваю маладосць у турме, а прыносіў карысць на свабодзе. Я згодная з Рушанняй Іванаўнай, такія лісты могуць азлобіць яго. Таму іх павінна быць сапраўды шмат, трэба шчыра пераканаць яго, сказаць яму “хопіць ужо, Жэня, ты ўсё нам даказаў, а зараз зрабі крок да вяртання”.

Галіна Смірнова лічыць, што свой тэрмін пакарання Яўген ужо адбыў.

- Думаю, ён усё зразумеў, але пакаралі яго надта жорстка. І зараз ён вядзецца за гэтымі карнікамі, сам таго не разумеючы.

Грамадская актывістка кажа, што менавіта ў гэтым трэба пераканаць маладога палітвязня. 

Нагадаем, грамадскі актывіст Яўген Васьковіч асуджаны за акцыю салідарнасці пад Бабруйскім КДБ на сем гадоў пазбаўлення волі. Даслаць ліст палітвязню можна на адрас: 212011 г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма №4.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства