viasna on patreon

Ці патрапяць у Менск 25 сакавіка лідэры апазыцыі ў рэгіёнах?

2007 2007-03-24T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня КДБ і міліцыя ў рэгіёнах працягваюць ізаляваць актывістаў апазыцыі. У Берасьці, Белаазёрску, Гомелі, Рэчыцы, Бабруйску, Пінску, Салігорску і іншых гарадах краіны адбываюцца прэвэнтыўныя затрыманьні. Ля кватэраў лідэраў апазыцыі дзяжураць так званыя групы захопу.

Сёньня ў Рэчыцы пад кантролем міліцыі неспадзявана для сябе апынуўся актывіст прадпрымальніцкага руху Леанід Невар. Вось што ён паведаміў Радыё Свабода:

“Рамантую матуліну хату. Выйшаў пяску набраць – стаіць прыватны аўтамабіль, а ў ім – двое міліцыянтаў. Тыя, хто арыштоўваў мяне раней”.

Другія суткі ў Бабруйску доўжыцца блякада кватэры сябра партыі БНФ Алеся Чыгіра.

“Думаю, што ў нас будуць браць чалавек 5-6 найбольш актыўных. Астатніх будуць адлоўліваць 25-га на вакзалах. Такі фільтар створаны. Дарэчы, сыстэма даволі адпрацаваная”, паведамляе ён.

“Але татальным перасьледам актывістаў апазыцыі ў рэгіёнах ужо не запалохаць”, – запэўнівае маладафронтавец з Бабруйску Максім Буйніцкі:

“Наружку” я заўважыў – таптуноў так званых, супрацоўнікаў у цывільным. Гэта такі подых таталітарызму. Разумееце, ёсьць пэўны парог, за якім усялякі страх зьнікае. Ну, а запомніў я (сьмяецца), як рукі дрыжэлі ў старэйшага лейтэнанта Харашкевіча, калі ён позву да мяне прывозіў...”

У Салігорску напярэдадні былі затрыманы Дзяніс Карноў і Ўладзімер Шыла. Праваабаронца Леанід Мархотка камэнтуе сёньняшнюю сытуацыю:

“УСалігорску самая сапраўдная аблава на актывістаў, якія жадаюць паехаць на 25-е ў Менск. Гэтыя затрыманьні – прамое парушэньне канстытуцыйных правоў. Няма аніякай падставы ўтрымліваць чалавека больш за тры гадзіны. А тут, як чуеце, бязь законных падставаў адпраўляюць людзей за краты”.

Паводле розных крыніцаў, у рэгіёнах Беларусі арыштавана больш за дваццаць актывістаў апазыцыі. Але на волі застаюцца практычна ўсе лідэры рэгіянальных суполак партыяў і рухаў. Адзін зь іх – Юрась Губарэвіч заяўляе пра рашучы намер быць 25 сакавіка ў эпіцэнтры падзеяў у Менску: “Відавочна, што ўлада мабілізавала ўсе свае сілы. Аднак нават гэтых сотняў і тысяч супрацоўнікаў у форме і цывільным не хапае, каб спыніць усіх актывістаў, якія імкнуцца бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай. Большасьці палітычных лідэраў з рэгіёнаў удасца прарваць гэтыя міліцэйскія кардоны і быць у нядзелю 25-сакавіка на сьвяткаваньні Дня Волі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства