Брыфінг беларускіх праваабаронцаў у Жэнэве сабраў больш за 50 удзельнікаў
У Жэнэве адбыўся брыфінг беларускіх праваабаронцаў, прымеркаваны да пачатку працы чарговай сэсіі Рады ААН па правах чалавека. Паводле яго ўдзельніцы Тацяны Равякі, брыфінг выклікаў вялікую цікавасьць.
У складзе беларускай
дэлегацыі старшыня Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак, прадстаўніца
Праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка,
юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Тацяна Равяка адразу пасьля брыфінгу адказала на пытаньні Радыё
«Свабода».
Соўсь: Толькі што скончыўся
брыфінг. Якія асноўныя моманты вы данесьлі да журналістаў,
праваабаронцаў, прадстаўнікоў ААН?
Равяка: Гэты брыфінг выклікаў
даволі вялікую ўвагу. На ім прысутнічала больш
за 50 чалавек — прадстаўнікі розных краінаў: і з краін
Эўразьвязу, і зь іншых частак сьвету. Былі, у тым ліку,
і амбасадары. Нам было важна данесьці да іх інфармацыю
аб актуальнай сытуацыі і прыцягнуць іх увагу да рэальных
болевых кропак. Гэта адсутнасьць рэальных мэханізмаў для ўзнаўленьня правоў,
наяўнасьць палітвязьняў і адсутнасьць свабоды выказваньняў
і меркаваньняў. Мы адзначылі, што было б вельмі добра, каб
у рэзалюцыі, якая будзе прынятая 6 чэрвеня, мандат спэцдакладчыка быў
працягнуты. Мы таксама выказалі падтрымку дакладу спэцдакладчыка
і адзначылі, што ён вельмі аб’ектыўны і вельмі дакладна перадае
тую сытуацыю, якая на сёньня склалася ў краіне.
Соўсь: Ваш выступ папярэднічае
разгляду справаздачы аб датрыманьні Беларусьсю правоў чалавека,
падрыхтаванай Міклашам Харасьці. Якога абмеркаваньня справаздачы
вы чакаеце? Ці будуць там прысутнічаць прадстаўнікі афіцыйнага
Менску?
Равяка: Гэты даклад будзе
прэзэнтаваны 4 чэрвеня. Я нават ня ведаю, ці прысутнічалі
сёньня прадстаўнікі афіцыйнага Менску на нашым брыфінгу, таму што
ня ўсе ўдзельнікі былі пазначаныя, як прадстаўнікі краінаў.
І я ня ведаю, ці будуць яны прысутнічаць на дакладзе
спадара Харасьці.
Соўсь: Чаго вы чакаеце
ад гэтай сэсіі? Наколькі вялікія спадзяваньні праваабаронцаў на такую
арганізацыю як ААН?
Равяка: Перш за ўсё,
мы разглядаем гэты мэханізм спэцдакладчыка як магчымасьць данясеньня
інфармацыі пра стан з правамі чалавека ў краіне да міжнароднай
супольнасьці. Пры тым, гэта голас, які неафіцыйны, голас такой арганізацыі,
як Арганізацыя Аб’яднаных нацыяў, і мы выказваем спадзеў, што
калі гэты мандат будзе захаваны, ён паспрыяе супрацоўніцтву. Таму што
немагчыма ўвесь час абвінавачваць у тым, што ёсьць падвойныя стандарты,
ёсьць няправільнае ўспрыманьне сытуацыі з правамі чалавека
ў Беларусі, і разам з тым, ня пускаць у краіну
спэцдакладчыка для ацэнкі гэтай сытуацыі. Мы спадзяемся, што калі гэты
мандат будзе працягнуты, то беларускі бок зробіць гэты крок — адкрые
дзьверы для спэцдакладчыка, каб у выніку ў гэтым дакумэнце, які стане
даступным усяму сьвету, было адлюстравана і бачаньне афіцыйнага боку.