Дакладчык Еўрапарламента рэкамендуе прыпыніць санкцыі ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў
Дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента (ЕП) па Беларусі Юстас Палецкіс прапануе прыпыніць санкцыі ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў. Такая рэкамендацыя ўтрымліваецца ў дакладзе, які еўрадэпутат падрыхтаваў для Савета ЕС, Еўракамісіі і Службы знешніх дзеянняў, аб далейшай палітыцы Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.
Папярэдні варыянт даклада размешчаны на сайце Еўрапарламента і ў далейшым будзе разгледжаны на адной з сесій ЕП.
Палецкіс зазначае, што свабодныя і сумленныя выбары не праводзіліся ў Беларусі з 1994 года. Аднак у 2008—2010 гадах назіралася станоўчае развіццё адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Яно было перапынена пасля жорсткага разгону мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Аўтар даклада заяўляе, што прынятыя папраўкі ў беларускае заканадаўства "дазваляюць далейшыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, у тым ліку супраць праваабаронцаў, незалежных СМІ і адвакатаў". "Але ў 2012 годзе было заўважана паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека", — піша Палецкіс.
Дакладчык рэкамендуе выкарыстаць старшынства Літвы ў ЕС (з 1 ліпеня) і саміт Усходняга партнёрства ў Вільнюсе восенню 2013 года "як унікальную магчымасць для паляпшэння адносінаў з Беларуссю, у тым ліку для перазагрузкі палітычнага дыялогу, у прыватнасці для правядзення дэмакратычных рэформ, паважання вяршэнства закону, правоў чалавека і фундаментальных свабод".
Палецкіс таксама рэкамендуе разгледзець "прыпыненне дзеяння санкцый ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў для пашырэння неабходных дыпламатычных каналаў камунікацыі з Беларуссю з улікам правядзення саміту Усходняга партнёрства".
Аўтар даклада мяркуе, што неабходна падрыхтаваць стратэгічную дарожную карту для Беларусі, у якой будуць утрымлівацца прапановы па прыярытэтных кірунках рэформ у краіне і прапановы па актывізацыі палітычнага дыялогу.
На думку еўрапарламентарыя, у далейшым гэта "можа прывесці да аднаўлення перамоў па новым усёабдымным пагадненні". У гэтай карце таксама павінны ўтрымлівацца прапановы па аднаўленні міжпарламенцкіх сувязяў у межах Еўранеста, мяркуе Палецкіс.
Ён рэкамендуе актывізаваць кантакты з беларускімі чыноўнікамі для павышэння іх "адкрытасці ў дачыненні да ЕС і ўзмацнення супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрасаюзам".
Апрача таго, гаворыцца ў дакладзе, неабходна прыцягнуць беларускія ўлады да паўнавартаснага ўдзелу ў праграме "Дыялог аб мадэрнізацыі", скіраванай на развіццё канкурэнтнай эканомікі, плюралізму ў грамадстве і вяршэнства закону.
На думку Палецкіса, варта заахвочваць таксама грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю Беларусі ў сувязі з іх удзелам у "Дыялогу аб мадэрнізацыі" і ў далейшым падтрымліваць гэта, у тым ліку фінансава.
Дакладчык лічыць неабходным для ЕС прадугледзець усе магчымыя варыянты, каб гарантаваць:
- правядзенне Беларуссю рэфармавання выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ;
- зняцце абмежаванняў у дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі;
- поўную мадэрнізацыю судовай сістэмы ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі;
- працу над пытаннем адмены смяротнай кары;
- рэфармаванне Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці адмену артыкула 193.1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі);
- дазвол доступу для прадстаўнікоў адпаведных міжнародных арганізацый у беларускія турмы;
- ліквідацыю ўсіх перашкодаў для рэгістрацыі няўрадавых арганізацый;
- свабоду СМІ і роўнага да іх доступу ўсіх грамадзян;
- стварэнне незалежнага інстытута амбудсмена;
- стварэнне роўных магчымасцяў, у тым ліку адсутнасць дыскрымінацыі для ўсіх меншасцяў.
Палецкіс рэкамендуе выкарыстаць канструктыўны тэхнічны дыялог паміж ЕС і Беларуссю па макраэканамічным развіцці і фінансавых пытаннях для дасягнення рэальнай прыхільнасці Беларусі да паступовых макраэканамічных і структурных рэформ, уключаючы прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў, лібералізацыю цэнавай, гандлёвай і банкаўскай сістэм, а таксама барацьбу з карупцыяй.
Як зазначаецца ў дакладзе, Беларусі варта выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы, у тым ліку аб свабодзе асацыяцыі, рэгістрацыі і дзейнасці незалежных прафсаюзаў.
Палецкіс рэкамендуе заклікаць беларускія ўлады выкарыстаць самыя высокія міжнародныя стандарты бяспекі пры будаўніцтве АЭС.
Дакладчык рэкамендуе ЕС павялічыць тэхнічную і фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасці, НВА, незалежных СМІ, праваабаронцаў і прафсаюзаў Беларусі.
Рэкамендавана таксама ў аднабаковым парадку аблегчыць працэдуры выдачы віз і знізіць іх кошт з цяперашніх 60 еўра да ўзроўню, прымальнага для беларускіх грамадзян.
Падчас падрыхтоўкі даклада Палецкіс наведаў Мінск 18—21 сакавіка, ён сустрэўся з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Беларускае МЗС выказала надзею на тое, што даклад еўрадэпутата Палецкіса па Беларусі дапаможа актывізаваць дыялог паміж Мінскам і Бруселем.