Віцебск: Чыгуначнаму райсуду рашэнне Камітэта ААН – не аўтарытэт
17 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску завяршылася разбіральніцтва па справе пенсіянеркі Антаніны Піванос. Яна падала заяву на матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды і за канфіскаваную ў яе вышыванку з малітвай. 25 сакавіка 2008 года яна падарыла яе апазіцыянеру Барысу Хамайду, што супрацоўнікі міліцыі, а потым і суд расцанілі як несанкцыянаваную акцыю.
Інцыдэнт адбыўся ў Дзень Волі каля так званага Сіняга дому, дзе спадар Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу. Спадарыня Антаніна Піванос вырашыла зрабіць яму падарунак – прынесла вышыванку са словамі малітвы "Ойча наш". Вышытыя чырвонымі ніткамі на белай тканіне, гэтыя словы міліцыянты расцанілі як плакат апазіцыйнага зместу. І Антаніна Піванос была пакараная штрафам у памеры дзьвюх базавых велічынь нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і канфіскацыяй вышыванкі.
Абскардзіць гэтае рашэнне не ўдалося ні ў Віцебскім абласным, ні ў Вярхоўным судзе. Пасля звароту Антаніны Піванос у Камітэт па правах чалавека ААН прайшло больш за 4 гады, але рашэнне яна атрымала станоўчае. Згодна з ім, у дачыненні да спадарыні Піванос быў парушаны артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле частка 2 гэтага артыкулу, грамадзяне дзяржаў – удзельніц Пакту, сярод якіх і Беларусь, маюць права на вольнае выказванне сваіх думак. Менавіта гэтае права жыхаркі Віцебску было незаконным чынам парушана.
Паводле рашэння Камітэту, беларускія ўлады абавязаныя выплаціць кампенсацыю. І спадарыня Піванос падала пазоў на Міністэрства фінансаў Беларусі і патрабавала кампенсаваць ёй 7 мільёнаў рублёў: вышыванку яна ацаніла ў 5 мільёнаў (ручная праца, памер - 0,9×0,64 м., тэрмін выканання - паўгода), яшчэ 2 мільёны - у якасці кампенсацыі маральнай шкоды ды судовых выдаткаў.
Прадстаўнікі праваахоўных ворганаў у суд не з’явіліся. Прадстаўнік адказчыка пазоў не прызнаў на той падставе, што пастанова па адміністрацыйнай справе не была адмененая - згодна з беларускім заканадаўствам, толькі ў гэтым выпадку робіцца кампенсацыя.
Суддзя Валянціна Кавалёва адмовіла Антаніне Піванос, матывуючы сваё рашэньне «неабгрунтаванасцю». І тым, што рашэньне Камітэту па правах чалавека, маўляў, мае толькі «рэкамендацыйны» характар.
"Беларусь пацвердзіла свае абавязкі перад КПЧ ААН і пацвердзіла сваю згоду падпарадкоўвацца. Сёння мы павінны вырашыць, што ж важней нашай краіне: сцвярджанне нашага чыноўніка, або абавязкі нашай дзяржавы. Абавязкі павінны быць святымі, непарушнымі і не перакручанымі ніякімі чыноўнікамі. Бо калі адбудзецца іншае, дык выходзіць, што дзяржава адмаўляецца ад усіх сваіх абавязацельстваў… Пакрыццё шкоды - гэта патрабаванне справядлівасці. На адным баку шаляў - пакрыццё шкоды, пра якую казне і прыгадваць мусіць быць сорамна, на другім баку - аўтарытэт нашай дзяржавы. Наконт пазіцыі адказчыка: яна зводзіцца да таго, што пастанова, якая ўступілі ў законную сілу, не скасаваная і не абскарджаная. Так, але трэба ўлічваць, што ўсё гэта - нашы ўнутраныя законы. А 8-ы артыкул Канстытуцыі кажа пра тое, што нацыянальнае заканадаўства працуе тады, калі яно адпавядае цалкам і ні ў чым не супярэчыць міжнародным нормам, якія мы ўхвалілі, падпісалі і прызналі. Таму лічу гэтыя пярэчанні юрыдычнай казуістыкай, паколькі прыярытэт бясспрэчны," – сказаў у спрэчках Міхаіл Замалін, адвакат Антаніны Піванос.
Спадарыня Піванос мяркуе напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Вярхоўны Суд ды распавесці акалічнасці справы з "крамольнай" вышыванкай малітвы "Ойча наш…"