Магілёўскія журналісты зноў не паехалі ў Бялыніцкі РАУС
Незалежныя журналісты з Магілёва Яўген Глушкоў і Аліна Скрабунова 20 траўня зноў не з’явіліся для апытання “у якасці асобаў, супраць якіх распачаты адміністрацыйны працэс” у Бялыніцкі РАУС.
Нагадаем, што 17 траўня журналісты пад роспіс атрымалі позвы аб тым, што яны павінны з’явіцца ў Бялыніцкім РАУС “у якасці асобаў, супраць якіх распачаты адміністрацыйны працэс” у панядзелак 20 траўня ў 10-00. Позвы былі падпісаны ўчастковым інспектарам Бялыніцкага РАУС Аляксандрам Емельянавым.
Яўген Глушкоў яшчэ ў суботу ,18 траўня, адаслаў ліст на імя начальніка Бялыніцкага РАУС, у якім патлумачыў, што ён не можа з’явіцца ў бялыніцкую міліцыю 20 – 21 траўня ў у сувязі з тым, што заняты на здымках, і звярнуўся з просьбай даслаць яму позву на іншы дзень. Таксама журналіст звярнуўся да супрацоўнікаў міліцыі з просьбай указаць у позве артыкул Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ён парушыў і згодна якога супраць яго распачаты адміністрацыйны працэс, таму што Яўген Глушкоў хоча ведаць, да чаго яму патрэбна рыхтавацца, каб зняпраўдзіць усе вылучаныя супраць яго абвінавачванні.
Незалежная журналістка Аліна Скрабунова кажа, што яна збіралася ехаць 20 траўня згодна позвы ў бялыніцкую міліцыю на сустрэчу да ўчастковага інспектара Аляксандра Емельянава, аднак прабіла кола ва ўласным аўтамабілі.
“Я сёння збіралася ехаць у Бялыніцкі РАУС разам з праваабаронцам Барысам Бухелем, які павінен быў выступаць у якасці майго прадстаўніка, аднак прабіла кола ва ўласным аўтамабілі, - распавядае Аліна Скрабунова. – Я адправіла адпаведную СМС аб гэтым здарэнні на мабільны тэлефон участкова інспектара Аляксандра Емельянава, бо ніяк не магу да яго датэлефанавацца. Я хачу звярнуцца з просьбай, каб мне даслалі позву і выклікалі ў міліцыю на нейкі іншы дзень. Барыс Бухель таксама параіў мне даведацца, ці будзе мне аплочана дарога з Магілёва ў Бялынічы і назад”.
Супрацоўнікі бялыніцкай міліцыі пакуль ніяк не каментуюць свае далейшыя дзеянні ў адносінах незалежных журналістаў.