У львоўскай турме чыталі вершы ў падтрымку беларускіх палітвязняў
Паэзія за кратамі гучала ва ўкраінскім горадзе Львове. Мерапрыемства абылося ў рамках Міжнароднага дня музеяў і прайшло ў турме на Ланцкога. Ініцыятарамі правядзення такой імпрэзы выступілі арганізатары Дзён беларускай і шведскай літаратуры. Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы Уладзіміра Някляева і Алеся Бяляцкага.
Адзін з галоўных удзельнікаў імпрэзы шведскі і беларускі журналіст, пісьменнік, перакладчык Зміцер Плакс адзначыў, што важна аказваць маральную падтрымку літаратарам, якія зараз знаходзяцца ў няволі:
- Я думаю пра тых людзей, якія знаходзяцца ў такой цяжкай сітуацыі. Калі нейкім чынам я магу сказаць на гэты конт у Швецыі – я спрабую гэта рабіць. Я напісаў п’есу пра Алеся Бяляцкага, я пераклаў колькі вершаў Уладзіміра Някляева на швецкую мову і г.д. Тое, што я магу, я спрабую рабіць.
Творы Уладзіміра Някляева і Алеся Бяляцкага чыталі Аксана Забужко, Дзмітры Плакс і Леў Грыцюк. Словы падтрымкі паэтам за кратамі таксама выказалі Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч.