Бабруйчане наракаюць на працу дэпутатаў
Грамадская актывістка, старшыня “Рады індывідуальных прадпрымальнікаў рынку “Яловікі” Вольга Піманава расказала, што дэпутаты ўжо доўгі час ігнаруюць яе звароты і скаргі. Бабруйчанка з аднадумцамі ад зімы дабіваецца ад мясцовых уладаў, каб на рынак пусцілі тралейбусы па зручнаму для пакупнікоў графіку, але дасюль не атрымала станоўчага выніку. Што тычыцца дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Шамаль і дэпутатаў гарадскога Савета, то яны і зусім ігнаруюць звароты Вольгі.
-Колькасць тралейбусаў да “Яловікаў” скарацілі ў тры разы, нібыта з-за таго, што яны не запаўняюцца пасажырамі, - кажа Вольга Піманава. – Нашы пакупнікі вымушаныя ўжо некалькі месяцаў хадзіць да нас пешшу, бо новы расклад вельмі нязручны. Як вынік – мы губляем пакупнікоў і працу, пакупнікі – магчымасць набываць танныя прадукты. Мне, напрыклад, прыйшлося перабрацца нядаўна на іншы рынак, каб пракарміць сям’ю. Ад мясцовых уладаў і абласных мы атрымалі незадавальняючыя адказы. Але больш за ўсё мяне здзівіла стаўленне нашых дэпутатаў да праблем жыхароў горада. Паўтары месяцы таму я тэлефанавала на прамую лінію дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алене Шамаль. Яна паабяцала разабрацца з нашай праблемай і даслаць мне адказ, але дасюль ні слова ад яе. Таксама ніякай рэакцыі не бачна з боку мясцовых дэпутатаў. Пакуль ад іх не прыйшлі адказы ні на адзін з дасланых мной зваротаў.
Алена Мядзведзева, кіраўнік офіса “Грамадзянскай дамовы” таксама накіравала зварот дэпутату Палаты прадстаўнікоў. Яна пытае у Жаны Мішур, чаму яна не задала пытанні Аляксандру Лукашэнку падчас яго штогадовага выступу перад дэпутатамі ПП НС.
-У Першамайскім раёне, які прадстаўляе Жана Мішур, вельмі шмат праблем, якія трэба ўздымаць пастаянна. Напрыклад, у раёне ДОК няма дзіцячай паліклінікі. А тут атрымліваецца, што перад выбарамі кандыдаты кормяць нас казкамі, а калі атрымоўваюць пасаду, забываюць пра свае абяцанні, - кажа Алена Мядзведзева.