“Czasopis” — пра кнігу Алеся Бяляцкага
У польска-беларускім штомесячніку “Czasopis” , які выдаецца ў Беластоку, у майскім нумары апублікаваны артыкул пра кнігу Алеся Бяляцкага “Асьвечаны Беларушчынай”. Аўтар артыкула — беларускі літаратар і гісторык Сяргей Чыгрын.
Даследчык грунтоўна спыніўся на новым выданні беларускага праваабаронцы, гісторыка літаратуры Алеся Бяляцкага, які зараз знаходзіцца ў зняволенні ў калоніі ў Бабруйску. Сяргей Чыгрын распавёў пра тое, што Алесь Бяляцкі першы распачаў даследаваць, аналізаваць і прыгадваць пра беларускую “турэмную” літаратуру. У рэцэнзіі на кнігу аўтар шмат увагі аддае і аналізу артыкулаў Алеся Бяляцкага пра знакамітых асоб Беларусі, успамінаў пра Анатоля Сыса, пра студэнцкія гады. Вядома ж, ёсць і заўвагі па кнізе аўтара і прапановы.
Адзін асобнік “Czasopisu” звычайнай поштай адпраўлены Алеся Бяляцкаму ў бабруйскую калонію.