viasna on patreon

Апальныя беларускія адвакаты выказваюць падтрымку ўкраінскім калегам, якія падвяргаюцца ціску

2013 2013-05-13T16:40:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/advakatura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Група былых беларускіх адвакатаў, якія зазналі пераслед уладаў, звярнулася са словамі падтрымкі да украінскіх калегаў. Яны накіравалі адпаведны ліст на адрас Вышэйшай кваліфікацыйна-дысцыплінарнай камісіі адвакатуры Украіны.

У лісце, у прыватнасці гаворыцца: "Нам, былым беларускім адвакатам, у тым ліку тым, хто быў пазбаўлены права на прафесію за добрасумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, з інфармацыі, распаўсюджанай у заяве Украінскага Хельсінкскага саюза па правах чалавека, стала вядома пра выпадкі спынення і прыпынення адвакацкай практыкі ў дачыненні да шэрагу ўкраінскіх адвакатаў, а таксама аб разглядзе вялікай колькасці дысцыплінарных спраў. Сярод фігурантаў заявы пазначаны такія адвакаты, як Уладзімір Высоцкі, Раман Мартыноўскі, Мікалай Сіры, Вольга Машкарынец, Надзея Баранская, Ларыса Герасько і іншыя (агульная колькасць больш за 20 чалавек). Таксама ёсць інфармацыя пра пагрозу крымінальнага пераследу ўкраінскіх адвакатаў, якія не прызнаюць цяперашні склад органаў самакіравання адвакатаў.

... Падставай для пакарання адвакатаў стала, у прыватнасці, іх ацэнка некаторых аспектаў новага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Украіны, абнародаванне асабістай пазіцыі адносна правамернасці рашэнняў аднаго са з'ездаў адвакатаў. Падобныя выпадкі, а таксама апошнія паведамленні пра раскол ва ўкраінскай адвакатуры сведчаць, на наш погляд, аб надыходзячым глыбокім крызісе інстытута адвакатуры ў Украіне".

Беларускія адвакаты папярэджваюць ўкраінскіх калег аб тым, што "падобныя падзеі адбыліся ў Беларусі ў 2011 годзе, што прывяло да фактычнай ліквідацыі незалежнасці адвакатуры ў нашай краіне. Бясконцыя праверкі адвакатаў Міністэрствам юстыцыі, ўцягванне ў пераслед адвакатаў органаў адвакацкага самакіравання, пастаянныя прэтэнзіі ў сувязі з крытычнымі выступамі адвакатаў у прэсе, масавыя пераатэстацыі адвакатаў прывялі ў канчатковым выніку да пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій у адных і да змушанага сыходу з адвакатуры іншых адвакатаў.

Вынікам абыякавасці большасці адвакатаў да свайго становішча і актыўнага ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць незалежнага інстытута стала прыняцце новага Закона Рэспублікі Беларусь "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці", які ад пачатку планаваўся як прагрэсіўны дакумент, а ў яго сённяшняй рэдакцыі канчаткова пазбавіў адвакатаў незалежнасці і ператварыў адвакатуру ў структурнае падраздзяленне Міністэрства юстыцыі.

Памятаючы, што менавіта ўкраінскія адвакаты і праваабаронцы ў студзені 2011 года першымі падалі свой голас у абарону незалежнасці беларускай адвакатуры, мы далучаем свой голас да абаронцаў адвакацкай незалежнасці, і выказваем падтрымку украінскім адвакатам, якія падвяргаюцца ціску».

Зварот да ўкраінскіх адвакатаў падпісалі:
Уладзімір Букштынаў
Алег Агееў
Ігар Рынкевіч
Людміла Ульяшына
Раман Кісляк
Андрэй Варвашэвіч
Павел Сапелка
Тамара Сідарэнка
Таццяна Агеева
Гары Паганяйла

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства