Калінкавічы: пракурор праігнараваў заяву актывіста АГП Дзяніса Рабянка
Актывіст АГП Дзяніс Рабянок з Калінкавіч, супраць якога мясцовыя міліцыянты пачалі адміністрацыйную справу, не змог знайсці абароны ў пракуратуры. Нагадаем, што ў адносінах да Дзяніса Рабянка быў складзены пратакол па артыкуле 9.1 КаАП, яго абвінавачваюць у нанясенні цялесных пашкоджанняў суседу. Разам з тым, актысіст сцвярджае, што менавіта ён стаў пацярпелым, калі сусед беспадстаўна распыліў яму ў вочы газавы балончык, у выніку чаго ён атрымаў апёк вачэй.
Дзяніс Рабянок лічыць, што і сам напад, і адміністрацыйная справа супраць яго – гэта спланаваная акцыя. На яго погляд, такім чынам улады спрабуюць запалохаць палітычна актыўных грамадзян.
У сваёй заяве да пракурора актывіст АГП звяртаў увагу на відавочныя парушэнні заканадаўства з боку участковага інспектара міліцыі, які праводзіў праверку па яго справе (не апытаў сведак, а на экспертызу Рабянка па факту апёку вачэй накіраваў праз тыдзень). Заяўнік прасіў пракуратуру правесці дадатковае разбіральніцтва і прыцягнуць да адказнасці суседа, які здзейсніў на яго напад. У выніку, па словах Дзяніса Рабянка, ён трымаў адказ, згодна з якім пракурор адмовіўся разглядаць заяву, прапанаваўшы актывісту яшчэ раз звярнуцца ў міліцыю.
«Зараз я канчаткова пераканаўся ў тым, што ў нас адсутнічаюць праваахоўныя органы. У нас ёсць карныя структуры, якія служаць не Закону, а працуюць на захаванне ўлады. Я падаў скаргу і на імя начальніка міліцыі, і заяву на імя раённага пракурора, дзе пазначыў усё па пунктах. І тое, што судова-медыцынская экспертыза наўмысна была праведзена так, каб не зафіксаваць у мяне цялесных пашкоджанняў, і тое, што наўмысна не былі апытаныя ні фельчар «хуткай», ні доктар, які мяне аглядаў і аказваў дапамогу. Больш таго, міліцыя свядома праігнаравала сведчанні двух чалавек, якія пацвярджалі маю невінаватасць, а аднаго сведку ўвогуле не дапыталі. Хоць я пазначыў іх імёны і дакладны адрас. Фактычна я зрабіў іх працу, якую павінна была выканаць міліцыя. Але ж я ўпэўнены, што яны і не думалі яе рабіць, у іх была пастаўленая задача – правесці расправу, выканаць незаконны загад. Вось яны і шчыруюць, спрабуючы пасадзіць мяне на суткі», - выказаў меркаванне актывіст.