Бялынічы: дэпутата Агеева запыталі, чаму ён прамаўчаў
Напярэдадні Дня Перамогі грамадскія актывісты з гарадскога пасёлка Бялынічы накіравалі калектыўны зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Аляксандра Агеева.
У сваім звароце актывісты звяртаюцца да свайго дэпутата Агеева з просьбай патлумачыць, чаму ён не задаваў пытанняў наконт праблем сваіх выбаршчыкаў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку пад час яго выступу перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу 19 красавіка гэтага года.
Бялынічане спрабуюць даведацца ў Аляксандра Агеева, ці, на яго думку, у Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 усе праблемы ўжо вырашаны, ці дэпутат проста пабаяўся задаць кіраўніку краіны нейкае вострае пытанне.
У звароце жыхары Бялыніцкага раёна таксама нагадалі дэпутату Палаты прадстаўнікоў пра шматлікія праблемы, з якімі сутыкнуліся пад час будаўніцтва ўласнага жылля мясцовыя шматдзетныя сем’і, прычым такія ж праблемы ўзніклі ў шматдзетных бацькоў па ўсёй краіне. Аднак Аляксандр Агееў чамусьці не захацеў праінфармаваць аб гэтых праблемах кіраўніка краіны, які неаднаразова заяўляў пра тое, што шматдзетным сем’ям будзе аказвацца ўсемагчымая дапамога.
Між тым, сам Аляксандр Агееў на тэлефонны зварот шматдзетных бацькоў папросту не адрэагаваў, адаслаўшы іх з парадай звяртацца ў суд і нават не паспрабаваўшы аказаць хоць нейкую дапамогу.
Не вырашаюцца ў Бялыніцкім раёне і іншыя праблемныя пытанні.
Ініцыятарамі напісання зварота да дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Аляксандра Агеева былі мясцовыя актывісты “Гавары праўду”.