Уладзя Яроменка вызвалілі, але вывезлі за 40 кіламетраў ад Менска
Актывіста “Маладога фронта” Уладзіміра Яроменка вывезлі за 40 кіламетраў ад Менска. Учора скончыўся тэрмін яго 15-суткавага арышту.
Аднак, замест сталіцы ён апынуўся на павароце гарадзенскай трасы на Івянец, патлумачыў маладзён:
- Я разумею, што неяк супраціўляцца гэтаму было супрацьпраўна. Ніхто нічога не сказаў, проста ўзялі, вывезлі, сказалі: “Усё, давай, пакуль”. Вывезлі за 41 кіламетр ад Менску - гэта паварот гарадзенскай трасы на Івянец.
18 красавіка без удзелу Уладзя Яроменка над ім адбыўся суд. Актывіста “Маладога фронта” арыштавалі на 15 сутак - нібыта за парушэнне ўмоваў прафілактычнага нагляду. Паводле Першамайскага суда, Уладзь Яроменак не знаходзіўся ў сябе дома ў нейкі прамежак часу з 21 гадзіны вечара да 6 гадзіны раніцы 24 лютага 2013 года.
Пра суд актывіст даведаўся толькі 24 красавіка.
15 сакавіка 2012 года за Уладзем Яроменкам быў усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на год. Пазней нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгады. Парушэнне нагляду пагражае пазбаўленнем волі тэрмінам да 1 года.