Баранавіцкі райвыканкам забараніў Мілавідскі фэст, прысвечаны 150-м угодкам Мілавідскай бітвы
Баранавіцкі райвыканкам забараніў Мілавідскі фэст, запланаваны грамадскасцю горада і раёна на 2 чэрвеня 2013 года і прысвечаны 150-м угодкам Мілавідскай бітвы 1863 года. Гэта стала вядома з ліста за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Філанчука, які атрымалі арганізатары фэста Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат і Тэрэса Селівончык.
У адказе раённага чыноўніка паведамяецца, што “…ў гэты дзень і ў гэтым месцы аддзел культуры Баранавіцкага райвыканкама запланаваў правядзенне мерапрыемства ў сувязі з 150-мі ўгодкамі Мілавідскай бітвы 1863 года, таму правядзенне другога мерапрыемства па гэтай тэматыцы не мэтазгодна”.
Як адзначыў грамадскі актывіст Віктар Сырыца: “Арт. 51 Канстытуцыі Беларусі дае нам права на ўдзел у культурным жыцці. Мы амаль за 2 месяца падалі падрабязную заяву ў райвыканкам на правядзенне Мілавідскага фэсту, прысвечанага касінерам Кастуся Каліноўскага. Затым на працягу месяца заключылі дамовы з раённай міліцыяй, паліклінікай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай па абслугоўванню масавага мерапрыемства менавіта 2 чэрвеня. Я і Вячаслаў Болбат сустракаліся асабіста са спадаром Філанчуком і загадчыкам ідэалагічнага аддзела райвыканкама Дзмітрыем Варвашэняй і запрасілі іх і аддзел культуры райвыканкама на Мілавідскі фэст 2 чэрвеня. Ніхто нам не гаварыў, што на 2 чэрвеня ўжо запланавана нейкае афіцыйнае мерапрыемства і ніхто, зразумела, нават і не прапаноўваў нам іншую дату”.
Віктар Сырыца лічыць, што ініцыятыўная група па правядзенню фэста выканала ўсе патрабаванні закона “Ад масавых мерапрыемствах”. У райвыканкама не было аніякіх падстаў і зачэпак, каб забараніць правядзенне Мілавідскага фэста.
Грамадскі актывіст паведаміў, што ў нас яшчэ цэлы месяц і ініцыятыўная група па правядзенню Мілавідскага фэсту будзе думаць як годна адзначыць у склаўшыхся ўмовах слаўную дату нашай гісторыі.