Баранавічы: працягваецца збор подпісаў за ўратаванне аднаго з самых старажытных будынкаў горада
Жыхары Баранавічаў зноў нагадалі Міністэрству культуры РБ аб неабходнасці захавання гістарычнай спадчыны. Зварот з 60-цю подпісамі накіраваны ў Міністэрства культуры, дзе ўтрымліваецца просьба аб захаванні аднаго са старэйшых будынкаў вуліцы Тэльмана, 16 – “Даходным доме”. Гэтую гісторыка-культурную каштоўнасць плануюць разбурыць дзеля падаўжэння вуліцы. Гараджане просяць надаць гэтаму будынку афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці на падставе закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыныРБ”.
Жыхары нагадваюць, што “Даходны дом”, старая аптэка і пажарнае дэпо ўтвараюць унікальнае гістарычнае месца ў Баранавічах, якое неабходна захаваць для нашчадкаў. Гэты комплекс можа зацікавіць і турыстаў, адзначае грамадскі актывіст Рыгор Грык, арганізатар збору подпісаў.
Нагадаем, што першай звярнулася ў Міністэрства культуры РБ з гэтым пытаннем грамадская актывістка Анжэла Камбалава. Ёй параілі зрабіць неабходнае абгрунтаванне сваёй прапановы.