viasna on patreon

Бялынічы: старшыню жыллёва-будаўнічага кааператыва шматдзетных сем’яў спрабуюць запалохаць мясцовыя ўлады

2013 2013-04-29T10:08:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shymbaleu-petr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка старшыню ПЖБК “Дванаццаць” Пятра Шымбалёва выклікалі ў Бялыніцкі райвыканкам. Мясцовыя чыноўнікі спрабавалі запалохаць грамадскага актывіста, патрабуючы ад яго спыніць скардзіцца ў розныя інстанцыі на парушэнне правоў шматдзетных сем’яў і пагражаючы ў іншым выпадку адхіліць Пятра Шымбалёва ад пасады старшыні кааператыва.

“Мне патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці для гутаркі да старшыні Бялыніцкага райвыканкама Аляксандра Вароніна, - распавядае Пётр Шымбалёў. – Я пайшоў на сустрэчу, спадзеючыся, што там нейчкім чынам распавядуць пра тое, як будуць вырашацца праблемы з фінансаваннем будаўніцтва ў нашым жыллёва-будаўнічым кааператыве для шматдзетных сем’яў, старшынёй якога я з’яўляюся. Замест гэтага прысутныя на сустрэчы чыноўнікі (а там быў старшыня райвыканкама Аляксандр Варонін, яго намеснік Андрэй Ярашэнка і яшчэ адзін райвыканкамаўскі чыноўнік) пачалі пагражаць мне адхіленнем ад пасады старшыні ПЖБК “Дванаццаць” за тое, што я пішу звароты ў розныя інстанцыі, а таксама за тое, што мы накіравалі калектыўны зварот у КДК з просьбай арганізаваць праверку праектна-каштарыснай дакументацыі на наш дом для шматдзетных сем’яў. Па словах чыноўнікаў, усё роўна ўсе гэтыя звароты і скаргі вяртаюцца для разгляду назад да іх. Больш за тое, яны ўбачылі ў маіх дзеяннях нейкую палітыку, бо інфармацыя пра адстойванне інтарэсаў шматдзетных бацькоў з Бялыніч трапіла ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Я адказаў чыноўнікам, што мяне на маю пасаду абралі члены нашага кааператыва і толькі яны могуць зняць мяне. Таксама я сказаў пра тое, што якая можа быць палітыка ў тым, што шматдзетныя сем’і спрабуюць пабудаваць уласнае жыллё і рэалізаваць сваё законнае права на звароты і скаргі ў органы дзяржаўнай улады, для мяне абсалютна незразумела. Камітэт дзяржаўнага кантролю для таго і створаны, каб правяраць звароты і скаргі грамадзян”.

Наогул, мяне вельмі здзівіла, што калектыўныя звароты для разгляду вяртаюцца ў тыя ж інстацыі, дзеянні якіх і павінны правярацца. Ну што тут скажаш”…

Пётр Шымбалёў лічыць, што нервовая рэакцыя бялыніцкіх чыноўнікаў на дзеянні шматдзетных бацькоў выклікана тым, што матэрыял аб іх праблемах з’явіўся на тэлеканале “Белсат” у праграме “Маю права”.

“Інфармацыя пра праблемы ЖБК “Дванаццаць” у Бялынічах з’явілася ў праграме “Маю права” на “Белсаце”, пра нас напісалі шэраг рэгіянальных і рэспубліканскіх незалежных СМІ. Таксама я раней патэлефанаваў райвыканкамаўскаму юрысту з просьбай патлумачыць, якія дзеянні патрэбна ажыццявіць для арганізацыі заяўкі на пікетаванне і абвяшчэння галадоўкі. Пра свае планы паведаміў таксама нашаму бялыніцкаму журналісту Барысу Вырвічу, які выдае газету “Рэгіён”. Я проста ў адчаі, таму разглядаю магчымасць пайсці на гэты крок. Бялыніцкія чыноўнікі даведаліся аб гэтым маім намеры, магчыма, таму і такая нервовая рэакцыя, вось і спрабуюць неяк запалохаць.

Мы не патрабуем для сябе нейкіх асаблівых правоў, проста просім даць нам канкрэтны адказ – можам мы разлічваць на абяцаную дапамогу з боку дзяржавы, альбо не. Нам жа не кажуць нічога канкрэтнага, проста дасылаюць разнастайныя адпіскі. Вось мы і напісалі ў звароце да Аляксандра Лукашэнкі “Нам не патрэбна яшчэ адна адпіска, паспрабуйце адказаць зразумелай мовай, каб мы змаглі зразумець, чаго нам чакаць. Няхай ваша “так” будзе “так”, а “не” будзе “не”. Бялыніцкія шматдзетныя бацькі проста хочуць ведаць, на што яны могуць разлічваць, а чыноўнікі нейкага канкрэтнага адказу не могуць даць ужо некалькі месяцаў”, - кажа Пётр Шымбалёў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства