Сёння - Чарнобыльскі шлях (ан-лайн)
Шэсце пачнецца ў 19:00 ад кінатэатра "Кастрычнік", а мітынг у парку Дружбы народаў - а 20:00. Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне мерапрыемстваў.
Пасля заканчэння мітынгу жадаючыя змогуць ускласці кветкі да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай.
На
мітынгу ўлады дазволілі выкарыстанне сцягоў, транспарантаў і расьцяжак,
а таксама паабяцалі не дапусціць неабгрунтаваных затрыманьняў. Разам з тым, улады не задаволілі просьбу заяўнікаў аб выдзяленні асобнай паласы праезнай часткі на час шэсця. Заяўнікі
акцыі таксама не змаглі атрымаць гарантыі таго, што будзе забяспечана
магчымасць выкарыстання гукаўзмацняльнай апаратуры на мітынгу ў парку.
Заява
на правядзенне акцыі падпісалі прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні
партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі, грамадскага
аб'яднання "Экадом" Таццяна Новікава, Партыі БНФ Рыгор Кастусёў,
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.
"Чарнобыльскі
шлях" - вулічная акцыя, якую праводзіць беларуская апазіцыя штогод з
1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, які завяршаецца мітынгам. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.
ПЦ "Вясна" будзе адсочваць правядзенне акцыі і аператыўна паведамляць навіны. Сачыце за абнаўленнямі на нашым сайце.
***
12.45 Актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» з Асіповічаў Ігара Сімбірова выклікаюць у міліцыю на 14.00. Сімбіроў паведаміў, што тэлефанавалі ўвесь учорашні дзень і сёньня з раніцы таксама. Калі ён падняў слухаўку, яму паведамілі, што ён мусіць зьявіцца ў міліцыю на допыт, бо на яго заведзеная адміністрацыйная справа.
13.10 Журналіст Аляксандр Баразенка затрыманы ў Астраўцы. Пра гэта ён паведаміў у сваім фэйсбуку. Затрыманне адбылося сёння ў 13 гадзін. Разам з ім затрыманая Настасся Яўмен.
14.25 Сёння на 16 гадзiн актывіста антыядзернай кампаніі з Астраўца Міколу Уласевіча выклiкаюць у мясцовы АБЭП. Ад ранку каля яго дома дзяжураць. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў сацыяльных сетках паведаміў, што зараз Уласевіч едзе у Варняны (Астравецкі раён) у суправаджэнні аўто з мiлiцыянтамi.
16.00 У Астраўцы затрыманы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН. Зараз ён на волі.
16.50 Журналісты "Белсата" Аляксандр Баразенка і Настасся Яўмен вызваленыя. Відэа, знятае ў Астраўцы, міліцыянты выдалілі.
17.10 Старшыню АГП Анатоля Лябедзьку ў другі раз затрымалі ў Астраўцы. Палітыка вызвалілі разам з журналістамі, але заблакавалі яго аўтамабіль і вярнулі ў РАУС.
17.20 Мікалай Уласевіч затрыманы з Маладэчна. Зараз ён у мясцовым аддзеле РАУС.
18-00. На прыватнай кватэры ў цэнтры Менска непадалёку ад маршрута шэсця былі затрыманыя кіраўніца “Экадом”“ Ірына Сухій, а таксама актывісты Васіль Сінюхін, Канстанцін Кірыленка, Канавалава. Затрымлівалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Усіх змясцілі ў мікрааўтобус шэрага колеру без нумарных знакаў.
18-10. Затрыманыя актывісты антыядзернага руху Таццяна Новікава і Каскевіч.
18-40. Больш за 500 чалавек сабралася на пляцоўцы каля кінатэатру "Кастрычнік".
З чарнобыльскім звонам прыйшлі прадстаўнікі Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў. АМАПаўцаў не так шмат.
18-45. Не можа выйсці са сваёй кватэры кіраўнік партыі "Зялёныя" Алег Новікаў. Яго чакаюць міліцыянты.
18-50. У Першамайскім РУУСе знаходзіцца Ірына Сухій і яшчэ некалькі актывістаў.
18-53. Як стала вядома, актывістка антыядзернага руху Таццяна Новікава не затрыманая.
19-00. Прыкладна 900 удзельнікаў Чарнобыльскага шляху становяцца ў калону, каб пачаць шэсце.
19-08. Калона павярнула на вуліцу Сурганава. Колькасць удзельнікаў шэсця каля 800 чалавек. Супрацоўнікі міліцыі не чыняць перашкодаў калоне.
19-40. Каля Савецкага РУУСа супрацоўнікамі міліцыі затрыманы назіральнік-праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч.
19-48. Ірына Сухій пакінутая ў пастарунку Першамайскага раёна на тры гадзіны. Міліцыянтам патрэбен гэты час, каб «высветліць» асобу затрыманай.
19:53 Калона падыйшла амаль да плошчы Бангалор. Там шэсце чакаюць турнікеты і каля 50 міліцыянтаў.
20-15. Каля дома па адрасе Багдановіча, 78 моцна збілі Ігара Трухановіча. Ён не можа падняцца з тратуару. Увесь у крыві. яго збівала некалькі чалавек. Затым акрываўленае цела кінулі ў аўтамабіль з нумарам ІК 94 30. Разам з ім забралі невядомую жанчыну. (відэа затрымання)
20-30. Каля "Макдональса" на Багдановіча затрымалі некалькі анархістаў. Яны ў мікрааўтобусе. Некалькі паспелі збегчы.
20-35. Затрымалі журналістак "Нашай Нівы" Ірыну Арахоўскую і Аксану Рудовіч, якія здымалі на відэа збіццё Ігара Трухановіча. Яны каля Савецкага РУУС.
20-45. Ігар Трухановіч у Савецкім РУУСе.
21-00. Ірыну Сухій, Васіля Сінюхіна, Канстанціна Кірыленку, Вольгу Канавалаву адпусцілі з Першамайскага РУУСа.
21.30. Пасля заканчэння акцыі затрыманы актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандр Тарнагурскі і Зміцер Чарняк.
21.30 Журналісткі "Нашай Нівы" Ірына Арахоўская і Аксана Рудовіч, якія здымалі на відэа збіццё Ігара Трухановіча, вызвалены з Савецкага РУУС.
21-45. Затрыманыя Алена Вітко, Ян Мельнікаў, Інна Казлоўская і дзяўчына Наста (прозвішча невядомае). Яны ў Савецкім РУУСе.
22-20. Затрымалі журналіста беларускага Радыё Рацыя Аляксандра Ярашэвіча.
22-30. У Савецкім РУУС Мінска знаходзяцца журналісты Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч.
22-35. Стала вядома, што збітага Ігара Трухановіча, Аляксандра Ярашэвіча і Генадзя Барбарыча адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна да суда. На Акрэсціна таксама адвезлі Зміцера Чарняка.