"Парушальнік правілаў прэвентыўнага нагляду". Без віны вінаваты?
У судзе Салігорска ідзе адміністратыўны працэс у дачыненні да былога зняволенага Ігара Міхнаўца, які абвінавачваецца ў парушэнні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Прычына парушэння, па сутнасці, у тым, што "парушальнік" не мог знайсці новы адрас крымінальна-выканаўчай інспекцыі, дзе павінен быў стаць на ўлік пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі.
Пра гэта Ігар Міхнавец піша на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку", уздымаючы тэму інтэграцыі ў грамадства былых зняволеных.
"Сёння [27 сакавіка] мяне выклікалі позвай у крымінальна-выканаўчую інспекцыю г. Салігорска. Дзіўныя мэты і задачы названага ведамства заахвоцілі публічна раскрыць існуючыя праблемы, якія, трэба сказаць, значна абцяжарваюць жыццё на волі пасля адбыцця тэрміна пакарання (такога ж, на мой погляд, незаконнага, як і самі меры прэвентыўнага нагляду).
Законам устаноўлена, што паднаглядны павінен прыбыць да месца рэгістрацыі з месцаў пазбаўлення волі ў трохсуткавы тэрмін. Дадаткова, усталяваны законам трохсуткавы тэрмін можа рэгуляваць сваёй пастановай начальнік установы па месцы адбыцця пакарання. У маім выпадку начальнік ВК-5 [г. Івацэвічы] вырашыў, што мне хопіць двое сутак для пастаноўкі на ўлік у г. Салігорску. З арыгіналамі названых дакументаў я быў азнаёмлены за дзень да вызвалення без ўручэння якіх-небудзь копій дакументаў.
13 лютага 2013 г. я быў вызвалены (дзень тыдня - серада). Чацвер быў у мяне прысвечаны стасункам з блізкімі і роднымі людзьмі, якіх я не бачыў некалькі гадоў. У пятніцу я патэлефанаваў з хатняга тэлефона ў даведачную службу 109 з запытам пра кантактны нумар крымінальна-выканаўчай інспекцыі ў г. Салігорску. Адказ быў лаканічны: "Няма ў нашай базе такіх звестак". Сёння [27 сакавіка] я ўжо ведаю, што за месяц да майго вызвалення ведамства, якое мяне цікавіла, было перанесена з будынка РАУС на іншы адрас. Затым я папрасіў у даведцы 109 нумар РАУС. Атрымаўшы гэты нумар, мы (мая сям'я) звязаліся з дзяжурным, які паведаміў, што інспекцыя знаходзіцца ў будынку, дзе раней была пракуратура. На пытанне "Дзе сёння можна стаць на ўлік? " дзяжурны адказаў, што на ўлік можна стаць на вуліцы Паркавай, дзе знаходзіцца інспекцыя, але толькі ў панядзелак, паколькі два дні выходныя.
У панядзелак я з'явіўся па ўказаным адрасе. Стаў на ўлік, прайшоў усе неабходныя кабінеты, выдаткаваўшы на гэта дзень, паколькі патрэбныя кабінеты раскіданыя па ўсім горадзе. Старэйшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Козел М.М. спытаў, чаму я спазняюся з пастаноўкай на ўлік. Я растлумачыў афіцэру, што іх юрыдычнага адрасу не існуе ў даступнай грамадзянам базе і мне прыйшлося праз дзяжурную частку РАУС шукаць гэтае месца. Пасля гэтага дадзенае пытанне больш не ўздымалася. Прайшоў месяц. Мяне выклікалі ў інспекцыю і паведамілі, што будуць складаць матэрыял пра тое, што я парушыў правілы прэвентыўнага нагляду месяц таму, калі не ў час стаў на ўлік. Я спытаў, колькі захоўваюцца запісы тэлефанаванняў з хатняга нумару ў РАУС? Мне адказалі, што такія запісы захоўваюцца тры месяцы. Я склаў хадайніцтва аб выпатрабаванні запісаў тэлефанаванняў з майго хатняга нумара ў РАУС за 15 і 16 лютага 2013 года. Таксама ў прысутнасці інспектара я набраў з мабільнага нумар даведкі 109 і запытаў нумар тэлефона КВІ ў г. Салігорску. Адказ атрымаў аналагічны: "Няма ў нас у базе такіх звестак". Удакладніў: " Ці фіксуецца наша размова?" Атрымаў станоўчы адказ, падзякаваў і развітаўся. Інспектар мне паведаміў, што гэта не здымае з мяне віны і ён мяне выкліча дадаткова".
27 сакавіка ў дачыненні да Ігара Міхнаўца быў складзены адміністратыўны пратакол аб парушэнні ім часткі 1 артыкула 24.12 КаАП РБ - за тое, што ён без паважных прычын ва ўстаноўлены тэрмін не з'явіўся ў Салігорскі РАУС для пастаноўкі на ўлік. Таксама ён быў азнаёмлены з даведкай РАУС аб тым, што запісы тэлефонных размоваў захоўваюцца 30 дзён і таму не ўяўляецца магчымым даць запісы яго званкоў у РАУС ад 15 і 16 лютага.
Жыхар Салігорска Ігар Міхнавец адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 г. Івацэвічы. Перад адміністрацыяй калоніі "правініўся" тым, што неаднаразова перадаваў у незалежныя СМІ і праваабарончыя арганізацыі падрабязнасці "папраўчай працэсу". Чаша цярпення адміністрацыі перапоўнілася, калі Ігар перавёў ліст кангрэсмэна з ЗША Джона Шымкуса, атрыманы ў калоніі Мікалаем Аўтуховічам, і паведаміў пра ліст на Радыё "Свабода". Так ён стаў "злосным парушальнікам рэжыму". Тое, што зняволены абскардзіў атрыманыя спагнанні ў судзе, пастановы якога неаднаразова адмяняліся вышэйстаячай судовай інстанцыяй, не перашкодзіла суддзі таго ж суда устанавіць прэвентыўны нагляд над ім пасля вызвалення.