Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае да супрацы валанцёраў
Калі ты падзяляеш каштоўнасныя прынцыпы салідарнасьці, узаемнага даверу і добраахвотнай дапамогі, гатовы падзяліцца сваім часам і прапанаваць свае паслугі - далучайся да каманды валанцёраў “Вясны”!
Асноўныя напрамкі працы, у якіх патрэбная валанцёрская дапамога:
- Назіраньне за акцыямі;
- Назіраньне за судовымі працэсамі;
- Тэхнічная дапамога па апрацоўцы працэсуальных дакументаў і інфармацыі;
- Аналітычная праца па асобных грамадска-прававых працэсах;
- Журналісцкая праца па асобных падзеях (для фотажурналістаў);
- Распрацоўка крэатыўных ідэяў для грамадскіх кампаній (“Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”, супраць адміністратыўнага перасьледу, у падтрымку палітвязьняў і інш.)
- Іншыя віды дапамогі - у залежнасьці ад пажаданьняў, здольнасьцяў і магчымасьцяў.
Ахвотныя далучыцца да праваабарончай дзейнасьці мусяць разумець яе спецыфіку: гэта не палітычная дзейнасьць. Праваабаронцы выконваюць функцыю “шчыта” ў стасунках паміж чалавекам і ўладай, з’яўляюцца ўдзельнікамі працэсу стварэньня інстытута грамадскага кантролю. Дзейнасьць праваабаронцаў ськіраваная на ўдасканаленьне дзеючай улады, выпрацоўку рэкамендацыяў па паляпшэньні сістэмы абароны правоў чалавека ў краіне, патрабаваньне ад уладаў выкананьня міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. У сваёй дзейнасці праваабаронцы кіруюцца такімі фундаментальнымі дакументамі, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, “Дэкларацыя пра правы і абавязкі пэўных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды” (“Дэкларацыя аб правааабаронцах”).
Для таго, каб стаць валанцёрам ПЦ “Вясна”, неабходна запоўніць прапанаваную ніжэй анкету з пазнакай сваіх сапраўдных дадзеных і чакаць адваротнай сувязі! Пры гэтым трэба ўлічваць, што валанцёрская дапамога не аплочваецца.