viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” распачаў працу ў новым офісе

2013 2013-04-01T22:42:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna-novy_ofis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
1 красавіка 2013 года гасцінна расчыніў свае дзверы новы офіс "Вясны"

1 красавіка 2013 года гасцінна расчыніў свае дзверы новы офіс "Вясны"

1 красавіка, у дзень адкрыцця новага офісу ПЦ “Вясна”, праваабаронцы прэзентавалі новыя аналітычныя выданні, акрэслілі планы на будучыню і расставілі прыярытэты ў сваёй дзейнасці на бягучы момант.

Знайсці новае памяшканне пад офіс пасля канфіскацыі папярэдняга было для арганізацыі вялікай цяжкасцю. Як сказаў падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні праваабарончага цэнтру Валянцін Стэфановіч, у тых умовах, у якіх працуе “Вясна”, “пажадана, каб чалавек, які пагодзіцца прадаставіць нам кватэру, не меў у Беларусі ні сям’і, ні бізнесу. Так што гаспадар гэтай кватэры не пражывае ў Беларусі, мы карыстаемся ёю на падставе даверанасцяў з максімальна шырокімі правамі і паўнамоцтвамі. Таму спадзяюся, што мы тут застанемся на доўгі час”.

Нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў, у сценах новага офісу “Вясна” будзе працягваць усе накірункі сваёй дзейнасці, падкрэсліў Стэфановіч.

“Нашая праваабарончая арганізацыя абсалютна легітымная, пераследуе легітымныя мэты. Адзначу, што апошняя рэзалюцыя Рады па правах чалавека ААН якраз гэта яскрава падкрэсліла: дзяржавы маюць не толькі негатыўныя абавязацельствы – неўмяшальніцтва ў легітымную дзейнасць праваабарончых арганізацый, але і пазітыўныя – стварэнне грамадзянам умоваў для рэалізацыі права на абарону правоў і інтарэсаў іншых асобаў, у тым ліку ўмоваў для атрымання фінансавання, у тым ліку з-за мяжы, паколькі Дэкларацыя аб праваабаронцах гарантуе магчымасць такога фінансавання. І, дарэчы, у рашэнні Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН, якое нядаўна было прынята па справе кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, менавіта так і разглядаецца свабода асацыяцыяў у кантэксце Артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – як не толькі дзейнасць, але і магчымасць атрымання фінансавання. Таму, зыходзячы з гэтага, мы і будзем працягваць сваю дзейнасць”.    

З моманту канфіскацыі офісу ў мінулым лістападзе праца “Вясны” не спынялася, нягледзячы на адсутнасць памяшкання. Грамадская прыёмная працавала ў офісе Руху “За свабоду” і Камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць”, а ў праваабаронцаў быў час, каб засяродзіцца на аналітычнай працы. У выніку з’явіліся некалькі аналітычных выданняў - штогадовы агляд-хроніка “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі” і “Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь”.

Маніторынг беларускай пенітэнцыярнай сістэмы з’яўляецца адным з напрамкаў дзейнасці праваабаронцаў “Вясны”, якія рыхтавалі сваю аналітычную справаздачу ў супрацы з Паўлам Сапелкам, юрыстам са шматгадовай адвакацкай практыкай. 

“Найперш мы ставілі перад сабой задачу данесці да грамадскасці інфармацыю пра сітуацыю, якая склалася ў месцах прымусовага ўтрымання ў Беларусі, і, не ў апошнюю чаргу, даць зразумець, што гэтыя праблемы сістэмныя, то бок, яны залежаць не толькі ад волі тых, хто зараз выконвае пакаранне, кіруе гэтымі месцамі пазбаўлення волі. Гэта праблемы, якія выцякаюць з самой сутнасці нашых пенітэнцыярных нормаў”, - сказаў Павел Сапелка, прэзентуючы выданне. Па словах эксперта, гэтая аналітычная справаздача – толькі першы крок, і праца па дадзенай праблеме будзе працягвацца, усе пытанні, закранутыя ў справаздачы, будуць даследвацца і надалей больш паглыблена і шырока.

Увогуле праваабаронцы “Вясны” агучылі багата планаў на будучыню. У хуткім часе ў ААН будзе накіраваны прамежкавы аналітычны даклад па выкананні Беларуссю абавязальніцтваў у межах Універсальнага перыядычнага агляду, гэты дакумент “Вясна” рыхтуе сумесна з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам,   Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Асамблеяй НДА. “Вясноўцы” збіраюцца назіраць на мясцовых выбарах 2014 года і на прэзідэнцкіх у 2015 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. А паміж гэтымі падзеямі па-ранейшаму - бягучая праваабарончая праца.

Падвынікаваўшы папярэднюю працу і акрэсліўшы планы на будучыню, Валянцін Стэфановіч больш падрабязна спыніўся на бягучай сітуацыі. Тут ён падкрэсліў, што на сённяшні дзень для “Вясны” пытаннем нумар адзін застаецца вызваленне палітычных зняволеных. “На жаль, 2012 год не стаў вырашальным у гэтым сэнсе. Усе мінулагоднія вызваленні палітвязняў былі звязаныя з прашэннямі аб памілаванні, і гэты працэс вызвалення не пайшоў далей”. Праваабаронцы лічаць, што Еўразвяз у дадзенай сітуацыі праяўляе прынцыповую пазіцыю, калі настойвае на вызваленні палітычных вязняў як на перадумове далейшага наладжвання дыялогу. “Са снежня мінулага года мы назіраем даволі актыўную камунікацыю прадстаўнікоў амбасадаў краінаў Еўразвяза з міністрам замежных спраў Беларусі. Мы, канешне, не з’яўляемся суб’ектам гэтых працэсаў і нам цяжка казаць, пра што ідзе гаворка, - сказаў Стэфановіч. - Відавочна, што пытанне вызвалення палітвязняў падчас гэтых кантактаў абмяркоўваецца. Мы можам меркаваць пра гэта з заяваў, якія робяцца прадстаўнікамі тых ці іншых міністэрстваў замежных справаў. Напрыклад, амбасадара Італіі ці МЗС Літвы (пра спадзяванні на нармалізацыю стасункаў Еўразвяза з Беларуссю ў выніку вызвалення палітычных вязняў). Аднак, як нам падаецца, у гэтым працэсе не трэба мець ніякіх ілюзіяў. Я не думаю, што рэжым будзе здольны і згодны на правядзенне якіх-небудзь ліберальных рэформаў, ці, як зараз гэта называюць, мадэрнізацыі палітычнай ды і эканамічнай сістэмы”.

Па ацэнках праваабаронцаў, сёння можна казаць хіба што пра змяншэнне выпадкаў крымінальнага пераследу па палітычных матывах. “Але нам падаецца, што пра нейкія больш шырокія рэформы, якія б сведчылі пра лібералізацыю ў краіне, казаць не выпадае. Заканадаўства ў перыяд пасля снежня 2010 года стала яшчэ больш рэпрэсіўным. І ўсе праблемы рэалізацыі грамадзянскіх правоў у Беларусі застаюцца вельмі актуальнымі, паколькі і свабода мірных сходаў, і свабода асацыяцыяў, і шэраг іншых грамадзянскіх і палітычных свабодаў максімальна лімітаваныя”, - сказаў у гэтай сувязі Стэфановіч.

Ён таксама нагадаў, што наперадзе прэзідэнцкія выбары 2015 года, у сувязі з чым зараз немагчыма прагназаваць, як будзе разгортвацца сітуацыя ў Беларусі. “У нас ёсць прыклады 2008-га, 2010-га гадоў, калі ўсе казалі пра лібералізацыю, але мы памятаем, чым усё гэта скончылася. Гэта 19 снежня 2010 года, небывалая хваля палітычных рэпрэсіяў, наступствы якіх мы адчуваем і зараз. У дакладзе, што нядаўна “Вясна” падрыхтавала сумесна з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека, мы сфакусаваліся не толькі на сённяшніх палітвязнях, але і на палітрэпрэсаваных. На момант напісання дакладу 40 чалавек мелі тыя ці іншыя абмежаванні. То бок, тыя, хто быў вызвалены ў 2011-2012-м, дагэтуль знаходзяцца на прафілактычным уліку, іх судзімасці не пагашаныя, што дазваляе ўладам трымаць гэтых людзей на кароткім ланцужку. Кожны дзень яны рызыкуюць пры пэўных умовах зноўку апынуцца за кратамі”.  

Зыходзячы з сённяшняй сітуацыі, як падкрэсліў Стэфановіч, можна толькі спадзявацца на як мага хутчэйшае вызваленне палітычных вязняў, у тым ліку кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Валянцін Стэфановіч
Павел Сапелка
Павел Сапелка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства