Брэст: дэпутатаў заклікаюць змясціць кантакты для сувязі з выбаршчыкамі
Кіраўнікі брэсцкіх суполак палітычных партый і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый накіравалі зварот на імя старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Геннадзя Масько.
Як паведаміў кіраўнік Брэсцкай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, у звароце нагадваецца, што ў адпаведнасці з Законам РБ “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў” дэпутат адказны перад выбаршчыкамі і мусціь рабіць перад імі справаздачу. Аднак на самой справе кантакты выбаршчыкаў з абранымі дэпутатамі абцяжараны тым, што ў сродках масавай інфармацыі і на інтэрнэт-старонцы Брэсцкага гарвыканкама адсутнічаюць кантактныя дадзеныя дэпутатаў гарадскога Савета.
Аўтары звароту заклікаюць кіраўніцтва гэтага прадстаўнічага органа выправіць згаданыя хібы для паляпшэння камунікацыі народных абраннікаў з выбаршчыкамі, змясціць у СМІ і на сайце нумары тэлефонаў, паштовыя і электронныя адрэсы, па якіх выбаршчыкі маглі б звярнуцца да дэпутатаў.