Допыты сяброў Маладога Фронту адбываюцца ў Горадні і Віцебску: моладзевых актывістаў выклікаюць у пракуратуры, КДБ, альбо дапытваюць нават на месцы вучобы
Да гэтага часу працягвае прыходзіць інфармацыя з усіх рэгіёнаў Беларусі аб выкліках на допыты па справе "Маладога Фронту", паведаміла прэс-служба арганізацыі.
Такім чынам, як стала вядома, на дадзены момант у Віцебску сёньня былі выкліканы ны допыты ў КДБ маладафронтаўцы: Уладзіслаў Чэрнік, Алена Багданава, Крысьціна Міхайлава, Юлія Матусевіч і Андрэй Данілеўскі. Сёньня ж у Горадні адбыліся допыты ў Вольгі Смалянчук, Вольгі Галубец, Яўгеніі Шасьцерыковай і Крысьціны Марчук. Трэба адзначыць, што актывісткі моладзевага нацыянальнага руху Вольгі Смалянчук і Яўгенія Шасьцерыкова былі дапытаныя ў сярэдніх навучальных установах, дзе дзяўчыны навучаюцца й куды прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Маладафронтаўку Вольгу Галубец прадстаўнікі праваахоўных ворганаў забралі са шпіталю, калі яна прыйшла на прыём да кардыёлага. Дзяўчыну адвезьлі на допыт у раённы будынак КДБ. Крысьціна Марчук была дапытаная ў кабінэце дэкана факультэта вышэйшае навучальнае ўстановы, у якой навучаецца маладафронтаўка.