Віцебскія актывісты праз суд дамагаюцца выканання ўмовы атрымання дазволу на мітынг
Заява ў Кастрычніцкі суд была напісана з тае нагоды, што Віцебская гарадская паліклініка адмовілася заключыць дамову на абслугоўванне масавага мерапрыемства – мітынгу да дня Волі. Гэтую адмову старшыня віцебскай арганізацыі руху "За Свабоду" лічыць беспадстаўнай.
Спадар Хрыстафор Жаляпаў просіць Кастрычніцкі райсуд прымусіць лекараў заключыць дамову на абслугоўванне масавай акцыі 25 сакавіка. Наяўнасць дамоваў са структурамі ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай – гэта галоўная ўмова атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў ад раённых адміністрацый. Гэтае патрабаванне замацавана ў адпаведным рашэнні Віцебскага гарвыканкаму, але выканаць яго на працягу апошніх некалькіх год аказалася немгчымым.
То адна, то другая служба адмаўляецца заключыць дамовы з актывістамі на розных падставах. Сёлета ўжо атрыманая адмова ад лекараў. Яе заяўнік Хрыстафор Жаляпаў лічыць беспадстаўнай, бо ў адпаведнасці з Грамадзянскім Кодэксам РБ асобныя службы, у тым ліку медычныя ўстановы абавязаныя заключаць з грамадзянамі дамовы на камерцыйнай аснове, і адмовы ў дадзеным выпадку недапушчальныя. Актывісты лічаць іх палітычна матываванымі і звяртаюцца ў суд, каб абараніць сваё права на публічнае выказванне ўласных думак і меркаванняў. У адпаведнасці з п.4 арт. 415 ГК Рэспублікі Беларусь суд можа змусіць да заключэння дамовы, калі адзін з бакоў ухіляецца ад гэтага.
Каб атрымаць дазвол да 25 сакавіка, Х.Жаляпаў звярнуўся да лекараў загадзя – яшчэ 25 студзеня. 11 лютага атрымаў адмову. Дата судовага разбіральніцтва па ягонай апошняй заяве наконт прымусовага заключэння дамовы пакуль невядомая.