Ліхавіду дадалі 10 сутак за Плошчу-2010
Міліцыя Першамайскага раёна Мінска запатрабавала ад былога палітвязня Мікіты Ліхавіда дабыць 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу 19 снежня 2010 года.
|
20 снежня 2010 года Ліхавіда пакаралі за ўдзел у Плошчы 15 суткамі арышту, але 25 снежня яго перавялі ў следчы ізалятар па крымінальнай справе, у якой ён быў асуджаны ўжо на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Датэрмінова ён быў вызвалены ў верасьні 2011 года.
Навіну пра тое, што Мікіта Ліхавід мусіць самастойна прыйсці ў турму на Акрэсціна і адбыць 10 сутак, яму паведаміў участковы.
Паводле яго, прыйшла адпаведная папера з РУУС Першамайскага раёна, прычым не толькі на Ліхавіда, але на многіх адміністрацыйна пакараных, якія не адбылі свае тэрміны цалкам. Пры гэтым патлумачана, што тэрміну даўнасці па такіх прысудах няма.
Спадар Ліхавід лічыць такое рашэнне незаконным, бо, па-першае, з моманту вынясення прысуду прайшло больш за тры месяцы, а па-другое — за тыя падзеі ён адбыў пакаранне ў крымінальным парадку, а паводле заканадаўства два разы за адно правапарушэнне караць нельга. Тым не меней Мікіта не ведае, як можна абскардзіць гэтую пастанову — з моманту яе вынясення прайшло больш за два гады.
Юрыст Павал Сапелка мяркуе, што юрыдычна ўлады могуць абгрунтаваць
неабходнасць дабыць пакаранне за Плошчу, але самае істотнае ў гэтай гісторыі
тое, што сама адказнаьць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у тым выглядзе, у
якім яна існуе ў Беларусі, — незаконная, яна не адпавядае ні Канстытуцыі, ні
міжнародным стандартам.