Гарадзенскі абласны суд “непахісны”
Свіслацкі грамадскі актывіст Юрый Глебік атрымаў адказ на сваю скаргу ад старшыні Гарадзенскага абласнога суда ў сувязі з вынясеннем адміністрацыйнага штрафу за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў 1863 года, што адбылося 27 кастрычніка мінулага года. 27 лістапада суддзя Свіслацкага раённага суду Жана Салагубік асудзіла Глебіка на 10 базавых велічынь (1 мільён беларускіх рублёў) штрафу за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Юрый Глебік абскардзіў пастанову раённага суду ў Гарадзенскім абласным судзе, але 20 снежня 2012 году суддзя Мікалай Рачынскі прадказальна палічыў пастанову суда законнай. Пасля гэтага была пададзеная на імя старшыні Гарадзенскага абласнога суда. Аляксандр Грынкевіч, старшыня аблсуда, сцвярджае, што “судебное разбирательство проведено полно, объективно и всесторонне”. Найбольш абсурдным ва ўсіх пастановах судоў з’яўляецца сцверджанне пра тое, што ў Свіслачы ў Дзень памяці паўстанцаў адбываўся несанкцыянаваны мітынг, на якім “обсуждались события общественно-политической жизни страны”. Ніякія грамадска-палітычныя падзеі ў краіне насамрэч не абмяркоўваліся. Гарадзенскія і свіслацкія праваабаронцы лічаць, што ўшанаванне нацыянальных герояў з’яўляецца правам грамадзянаў, а ўскладанне кветак да магілаў і помнікаў не патрабуе ніякіх афіцыйных дазволаў.
Аштрафаваныя свіслацкія актывісты Віктар Дзесяцік, Анатоль Валюк і Юрый Глебік збіраюцца падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.