viasna on patreon

19 сакавіка пад патранатам былога прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі Вацлава Гавэла і рэктара Карлавага ўнівэрсытэту Вацлава Гампла ў праскім Каралінуме адбудзецца адкрыцьцё выставы “Выбар бяз выбару. Беларусь – сакавік 2006-га”

2007 2007-03-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Атмасфэру леташняй прэзыдэнцкай кампаніі і масавых пратэстаў прыхільнікаў пераменаў перададуць на выставе здымкі журналістаў тыднёвіка “Наша ніва” Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча, а таксама чэскага фатографа Якуба Досьпівы – супрацоўніка Чэскага інфармацыйнага агенцтва ( TK), паведаміла Радыё Свабода.

Кожны фатаздымак на выставе будуць суправаджаць асабістыя нататкі адной з удзельніц пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы – беларускай журналісткі Дар`і Касьценкі, аўтаркі разьмешчаных у інтэрнэце “Сакавіцкіх дзёньнікаў”.

Выставу ў праскім Каралінуме арганізуюць студэнты Карлавага ўнівэрсытэту пры спрыяньні рэктара ўнівэрсытэту Вацлава Гумпла і экс-прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі Вацлава Гаўла.

“Мы хочам ізноў, праз год пасьля сфальсыфікаваных выбараў, зьвярнуць увагу на праблемы ў Беларусі. Рэч у тым, што ўвага мэдыяў да падзеяў у Беларусі хутка згасла, а тым часам ціск на беларускую апазыцыю не спыняецца”, – сказаў адзін з арганізатараў выставы, студэнт філялягічнага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту Расьціслаў Вальвода.

Выстава, якая працягнецца да 30-га красавіка, прадугледжвае правядзеньне суправаджальных мерапрыемстваў. Кожную сераду на філялягічным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту будуць дэманстравацца дакумэнтальныя фільмы аб Беларусі, пасьля якіх заплянаваны дыскусіі з гасьцямі выставы. У канцы красавіка мае адбыцца круглы стол з удзелам прадстаўнікоў палітычных і недзяржаўных колаў Чэхіі: на ім будуць абмяркоўвацца шляхі чэскай дапамогі Беларусі.

Па закрыцьці выставы ў Празе экспазыцыя пераедзе ў Брно, а затым у шэраг іншых гарадоў Чэхіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства