Бабруйскі гарвыканкам загаворыць па-беларуску?
Мясцовыя грамадскія актывісты ўжо адзначылі Дзень роднай мовы другім этапам агульнацыянальнай дыктоўкі па прадмове Францішка Багушэвіча да зборніка “Дудка беларуская”, праведзенай 18 лютага (на фота).
Акрамя дыктоўкі, удзельнікі рабілі пераклады з беларускай на рускую мову і наадварот, зачытвалі і цытавалі напамяць вершы беларускіх паэтаў. Пераможцы атрымалі ў падарунак кнігі, усім удзельнікам дасталіся салодкія прызы.
-Мы імкнемся кожны раз разнастаіць дыктоўкі, дадаць нешта новае, - адзначае арганізатар дыктоўкі Вольга Піманава. – На будучыню ў нас з’явілася ідэя прыцягнуць да ўдзелу ў падобных мерапрыемствах дзяцей і ўнукаў нашых актывістаў.
Бабруйскі гарвыканкам, па ўсім відаць, не запланаваў на 21 лютага буйных мерапрыемстваў. Інфармацыйная гадзінка, “Свята роднай мовы”, “Фальклорная вандроўка” і акцыя “Размаўляй па-беларуску” (пераклад сказаў з рускай на беларускую мову) пройдуць толькі ў чатырох мясцовых бібліятэках.
Але на апошняй планёрцы ў гарвыканкаме намеснік старшыні Аляксандр Маркачоў нагадаў чыноўнікам пра Дзень роднай мовы і заклікаў калег размаўляць у адзін гэты дзень,”па магчымасці”, па-беларуску.