Міклаш Харашці: Я зацікаўлены ў тым, каб непрадузята паказаць сітуацыю ў Беларусі
"Я зацікаўлены ў тым, каб у сваім дакладзе непрадузята паказаць сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку пазіцыю беларускага ўрада, яго бачанне існых праблем і шляхі іх вырашэння", — заявіў спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН Міклаш Харашці 18 лютага на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Кіеве.
Паводле слоў Харашці, падчас працы над дакладам, які павінен
быць прадстаўлены на сесіі СПЧ у чэрвені гэтага года, ён пакуль змог сустрэцца
толькі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Прычым усе сустрэчы
праходзілі за межамі Беларусі, бо афіцыйны Мінск не прызнае яго мандат
спецдакладчыка і не дае дазволу на візіт у краіну.
Цяпер Харашці чакае адказу на свой чарговы зварот за беларускай візай.
"Маё самае вялікае жаданне — каб супрацоўніцтва з урадам Беларусі было б
такім жа поўным, як цяпер з грамадзянскай супольнасцю. У гэтым зацікаўлены і
Савет ААН па правах чалавека, і вярхоўны камісар па правах чалавека, —
падкрэсліў Харашці. — Я запытваў беларускую візу некалькі разоў, але пакуль пытанне
не было вырашаны станоўча. І ўсё ж, мы не губляем надзеі, што беларускія ўлады
пачнуць з намі паўнацэнна супрацоўнічаць. Бо гэта ў інтарэсах як усяго
беларускага народа, так і ўрада".
У працы над дакладам Харашці вялікую ўвагу надае пытанню пра наяўнасць
палітзняволеных у Беларусі, умовы ўтрымання ў беларускіх турмах, выкананне
асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў.
"Мой будучы даклад скіраваны ў тым ліку на тое, каб дапамагчы беларускім
уладам выканаць рэкамендацыі Савета па правах чалавека і вярхоўнага камісара ў
сферы выканання правоў чалавека. Акрамя таго, важнай часткай маёй працы
з'яўляецца і выпрацоўка маіх уласных рэкамендацый ураду для паляпшэння
сітуацыі", — паведаміў Харашці.
Рашэнне пра ўвядзенне мандата спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ў Беларусі
было прынята Саветам ААН па правах чалавека ў чэрвені 2012 года. У лістападзе
таго ж года спецдакладчыкам быў прызначаны Міклаш Харашці.