Гарадзенскія праваабаронцы ідуць да канца
Прадстаўнікі праваабарончага руху Гародні абскарджваюць несправядлівыя рашэнні гарадзенскага Ленінскага і абласнога судоў пра прызнанне іх фотаздымка, які тыя змясцілі ў інтэрнэце, несанкцыянаваным пікетам.
Кажа Раман Юргель:
- Склалі скаргу ў парадку нагляду на імя старшыні Гарадзенскага абласнога суда пра тое, што мы не згодны з пастановамі раённага і абласнога судоў. Складанне скаргаў, каб дабіцца нейкага станоўчага рашэння, адымае час. Выдаткі, таксама дзяржпошліны зараз вельмі высокія. Што тычыцца нас, то мы ідзём да канца. А асноўная маса людзей, якія пакараны адміністрацыйнымі штрафамі, ведаюць бесперспектыўнасць гэтых абскарджванняў.
Адміністрацыйныя штрафы ў памеры паўтара мільёна мусілі заплаціць праваабаронцы за размешчаны фотаздымак, бо іншых доказаў і сведак на судах не было. Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель хацелі аднаго – падтрымаць палітвязня, кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага.