Мікалай Аўтуховіч піша, што пісаць прашэнне аб памілаванні не збіраецца
Пра гэта распавёў актывіст з райцэнтра Гарадок Леанід Гаравы, які лістуецца са многімі палітвязнямі. Пра апошні ліст ад Мікалая Аўтуховіч спадар Гаравы гаворыць так: " У папярэднім лісце я напісаў яму, што зараз кіраўнік краіны чакае хаця б трох слоў ад палітвязняў: "Прашу мяне вызваліць". Мікалай Аўтуховіч адказаў, што не будзе пісаць нават трох словаў.
Леанід Гаравы дазволіў працытаваць ліст, атрыманы ад Мікалая Аўтуховіча. Той піша: “Маю свае погляды. І ўсё жыццё я ніколі іх не змяняю. Нават калі буду ведаць, што яшчэ дадаткова дадуць новы тэрмін, пісаць нават і тры словы, не буду! Калі быць нязломленым, трэба ісці да канца. Без кампрамісаў, без усякіх умоў. Я нічога не рабіў дрэннага дзеля Радзімы і народу, не парушаў аніякіх законаў, чаму я павінен звяртацца з прашэннем? Гэта будзе няправільна, як па мне”.
Яшчэ, кажа гарадоцкі актывіст, палітвязень дзякуе ўсім, хто павіншаваў яго з народзінамі. 7 студзеня Мікалаю Аўтуховічу споўнілася 50 гадоў. І цяпер ён піша: “Было вельмі прыемна штодзень атрымліваць вялікія пачкі з лістамі. А яшчэ прыемней было чытаць гэтыя лісты і паштоўкі. Гэта вельмі моцная падтрымка! Дадае моцы, калі адчуваеш столькі пазітыўнай энергіі з лістоў”.
Спадар Гаравы таксама лічыць, што падтрымка праз лісты неабходная тым, хто трапіў у зняволенне за свае перакананні. Таму ён піша палітвязням. Хаця вельмі часта цэнзура не дазваляе, каб лісты падтрымкі траплялі да адрасатаў. Тады Мікалай Статкевіч, Алесь Бяляцкі ці іншыя палітвязні атрымліваюць пустыя канверты, але і гэта сваеасаблівы "знак" – значыць, ліст быў, але "небяспечна" востры ці шчыры.