Андрэй Пачобут: "Калі лёс вязьня нікога не турбуе, яму значна складаней змагацца за свае правы”
Журналіст-палітвязень на ўласным досьведзе зьведаў, як розгалас і салідарнасьць у грамадстве ўплываюць на чалавечыя лёсы.
– Спадар Андрэй, давайце, калі ласка, згадаем: як разгортвалася Ваша
палітычна матываваная крымінальная справа? Якімі былі ўмовы ўтрымання падчас
арышту?
– Справа была ўзбуджана ўвесну. Пачалася яна гэтаксама, як і папярэдняя: КДБ
распачаў праверку з нагоды маіх артыкулаў, якія былі разьмешчаны на “Хартыі-97″
і “Беларускім партызане”. Экспертызы праводзілі эксперты, якіх выбраў КДБ. Я
нават на той момант не ведаў, што такая экспертыза праводзіцца, не меў ніякай
магчымасьці запрапанаваць іншых экспертаў, зьвярнуцца да экспертаў з пытаннямі
і г.д. У выніку мае артыкулы палічылі паклёпам на Лукашэнку. Я быў арыштаваны,
правёў гэтым разам у гарадзенскай турме 9 дзён. Пасьля мяне выпусьцілі пад
падпіску аб нявыезьдзе.
Калі казаць пра ўмовы ўтрымання, то яны нічым не адрозьніваюцца ад таго,
што я казаў у 2011 годзе, калі па папярэдняй справе там знаходзіўся. Па
сутнасці, як не было гарачай вады летам, калі я сядзеў, так і няма, памыцца
нармальна магчымасьці таксама няма. У той жа час нейкай брутальнасьці я ў
дачыненні да сябе альбо да людзей, якія там былі, я з боку аховы не бачыў, таму
казаць пра гэта я не магу.
– А наколькі выконваюцца ўнутраныя правілы ўтрымання, правы
чалавека? Наколькі рэалізавана права на прагулку, на сьвежае паветра, на
кваліфікаваную медычную дапамогу, калі вязень захварэе?
– Безумоўна, з гэтым усім ёсць пытанні. Ну, па-першае, трэба адрозьніваць маю
сітуацыю ад сітуацыі звыклага чалавека, якога арыштавалі. Быў вялікі рэзананс
па маёй справе, і, адпаведна, калі я патрабаваў нешта, што мне па закону
належыць, я гэта заўсёды атрымоўваў. Часам даводзілася пісаць скаргу. Гэта
было, напрыклад, з прагулкай, якая павінна быць дзьве гадзіны, а ўсіх выводзяць
на адну гадзіну. І толькі пасьля таго, як я напісаў скаргу, пачалі выводзіць
нашу камеру на дзьве гадзіны на прагулку. Але ж зразумела, што гэта — сістэма,
яна не даруе, калі чалавек змагаецца за свае правы. Выводзілі ў найгоршы час.
Увесь корпус — з раніцы, калі яшчэ няма такой сьпёкі, а нашу камеру за тое, што
мы такія — “бушавалі”, патрабавалі, — выводзілі, калі была самая сьпёка. І мы
гулялі дзве гадзіны, але — пад пякучым сонцам. Ахова радасна пасьміхалася,
казала: “Ну вось, вам солнце в лицо светит”. Я гавару: “Ну, нічога! Галоўнае,
каб заканадаўства адзінаабразна выконвалася”. Вось так было, калі тычыцца
аховы.
Калі тычыцца медычнай дапамогі, то тут таксама быў канфлікт. Я пісаў скаргу ў
сувязі з тым, што выклікаў лекара перад судом (проста прастудзіўся —
тэмпература і г.д.), а лекар не прыйшоў. Пасьля я напісаў скаргу. Мяне выклікаў
начальнік медычнай часткі турмы. Мы з ім паразмаўлялі, і ён сказаў: “Добра. Не
будзем скандаліць па гэтаму кшталту. Будуць заўсёды прыходзіць лекары, калі
будзеш пісаць. Пішаш заяву на маё імя, што патрабуеш лекара (такі парадак
выкліку лекара ў камеру), і так будзе”. І сапраўды так было пасьля гэтага.
Але калі ў турму трапляе звыклы чалавек, яго могуць пасадзіць у камеру, дзе,
напрыклад, сядзіць шмат людзей. Я сядзеў у корпусе, які называецца
“амерыканка”, там камэры невялікія, яны разьлічаны на 4 чалавекі. А ёсць
корпус-”бастыён”, там камеры вялікія, там можа сядзець дванаццаць
чалавек, дваццаць, сорак нават. Такія камеры ёсць, яны перапоўненыя, вось
там можа не хапаць месца, дзе спаць, напрыклад. Я чуў ад людзей, што ёсць такія
камеры, дзе не хапае месца і спяць па чарзе, менавіта ў корпусе №2 —
“бастыёне”. Па сутнасьці, гэта сістэма “заточана” на тое, каб чалавека зламаць,
запалохаць, каб ён не змагаўся за свае правы, супрацоўнічаў са сьледствам… Вось
гэта падыход да чалавека, які патрапіў у турму, такая атмасфера вакол гэтага
ствараецца. І каб переламаць вось гэта — трэба мець унутраную сілу, каб гэтаму
супрацьстаяць. Нехта, патрапляючы ў турму, пачынае супрацоўнічаць са
сьледствам, пачынае пагаджацца, а нехта пачынае пісаць скаргі і за нешта
ваяваць, і калі гэты чалавек пасьлядоўна сябе паводзіць і дамагаецца сваіх
правоў, ёсьць шанцы, што ён гэтых правоў даможацца. Ну і, прынамсі, я кажу, што
ў гарадзенскай турме я не пабачыў такога “беспрадзелу” з боку адміністрацыі,
пра які мы чулі і які адбываўся за Зьмітром Дашкевічам, з Андрэем Саннікавым…
Дзякуй Богу, у гарадзенскай турме пакуль няма сьведчанняў, што нешта такое
адбываецца.
– Сама працэдура падачы скаргаў — наколькі яна добра працуе? Вы
проста кажаце ахоўніку, што хочаце падаць скаргу?
– Так.
– І як яны рэагуюць? Бо яны ж разумеюць, што вы скардзіцеся на іх…
– Звычайна скарга падаецца, калі абход. Увечары зьмяняецца ахова, прыходзіць
новая зьмена, і можна падаць напісаную скаргу. Можна зьвярнуцца, калі, скажам,
няма асадкі — сказаць, што патрэбен аркуш паперы і асадка напісаць скаргу, і
гэта абсалютна нармальна.
Мая сітуацыя ня ёсць паказчык, перш за ўсё таму, што быў вялікі рэзананс, было
вялікае зацікаўленне справай. Ведалі, што, калі нешта са мной адбываецца,
проста так гэта не пройдзе. І гэта ўплывала. Калі трапляе чалавек, справа якога
не выклікае рэзанансу, са звыклым нейкім крымінальным злачынствам — у яго зусім
іншая сітуацыя, канечне. І змагацца за свае правы яму значна больш складана.
– Значыць, лепшая падтрымка вязьня, калі ён сядзіць — вялікі
грамадскі рэзананс?
– Канечне. Але перш за ўсё — каб у турме ведалі, што за лёсам гэтага чалавека
сочаць на свабодзе, сочаць сродкі масавай інфармацыі. І тады будуць адпаведныя
адносіны. Бо калі яны будуць ведаць, што чалавек самотны і яго лёс нікога
не турбуе на волі, яму будзе значна больш складана.