Адвакат Аўтуховіча: Спадзяюся, новага тэрміну яму не "прышыюць"
Павел Сапелка днямі атрымаў ліст ад свайго падапечнага –
палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Праўда, падрабязна пераказваць змест
адвакат адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ён датычыць дробных побытавых
справаў.
Паводле Паўла Сапелкі, на ўмоўна-датэрміновае вызваленне спадзяванняў няма.
Звычайна за парушэнне рэжыму адбывання пакарання ў турму пераводзяць або на 3
гады або да канца тэрміну (як у выпадку Аўтуховіча). Палітвязень мусіў бы
двойчы давесці, што стаў на шлях выпраўлення (спачатку – каб яго перавялі з
турмы ў калонію, а пасля – вызвалілі).
Затое ёсць спадзяванні, што спадар Аўтуховіч не атрымае новага тэрміну. Калі
вязня перавялі ў турму, папулярны ў такіх выпадках артыкул 411 «Зацятае
непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае
пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» можна выкарыстаць толькі цягам 1-га
года. Гэты тэрмін ужо мінуў. На волю ён мае выйсці ў красавіку 2014 года.
Апошні раз палітзняволены пісаў адвакату месяц таму – пра
тое, што яму трэба зрабіць стаматалагічнае пратэзаванне. Праблемы з зубамі
кепска ўплываюць на страўнік і агульны стан здароўя, падарваны падчас
галадовак. Дзеля таго, каб правесці такую складаную працэдуру ва ўмовах турмы і
курс рэабілітацыі пасля яе, трэба згода адміністрацыі. Магчыма, палітвязня
трэба будзе вывезці за межы ўстановы.
Сёння, 15 лютага, адзначаецца гадавіна сканчэння Афганскай вайны. За ахову
мосту пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях спадара Аўтуховіча ўзнагародзілі
ордэнам Чырвонай Зоркі, 2 медалямі – «За адвагу» і «За баявыя заслугі». 7
лютага палітвязень адзначыў сумную гадавіну: 4 гады зняволення, а 7 студзеня -
50-ты дзень народзінаў.
«Белсат» у 2009 годзе зняў фільм «Афганец» пра ветэранаў афганскай кампаніі, у
якім узяў удзел Мікалай Аўтуховіч. Гэты ды іншыя фільмы даступныя ў нашым фільмавым
архіве.