Беларусь — у дзесятцы найбольш цэнзурных краінаў
Такую выснову зрабіў міжнародны Камітэт у абарону журналістаў (CPJ).
Камітэт у абарону журналістаў у сваёй штогадовай справаздачы адзначыў як агульныя тэндэнцыі ў розных рэгіёнах сьвету, гэтак і сытуацыю ў асобных краінах.
Асабліва зьвяртаецца ўвага на згортваньне свабоды Інтэрнэту ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, расьсьледаваньне зьнікненьняў 35 журналістаў у сьвеце. Адзначаецца, што рост мабільных інтэрнэт-тэхналёгіяў і пашырэньне сацыяльных сетак спарадзілі новыя небясьпекі для журналістаў. Упершыню CPJ апублікаваў сьпіс найбольш рызыкоўных краінаў (у ім — Іран, Пакістан, Расея), дзе свабода прэсы больш за ўсё пацярпела.
Беларусь увайшла ў лік дзесяці найбольш цэнзураваных краінаў сьвету. У дачыненьні да Беларусі, CPJ адзначае, што Аляксандар Лукашэнка кіруе найбольш «цэнзураванай» краінай сьвету, працягвае палітыку задушэньня крытычнай журналістыкі і падаўленьня свабоды меркаваньняў. Чатыры асобы былі арыштаваныя за выказваньне сваіх меркаваньняў. Жорсткая рэакцыя на «плюшавых медзьведзянятак» адлюстроўвае рэпрэсіўную палітыку ўладаў, —заўважаецца ў справаздачы CPJ.