Адвакату дазволілі сустрэцца з Гайдуковым у следчым ізалятары КДБ
З грамадскім актывістам з Наваполацка Андрэем Гайдуковым, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве ў выглядзе агентурнай дзейнасці, у следчым ізалятары КДБ сустрэўся адвакат. Сустрэча адбылася 11 лютага.
Па словах маці затрыманага, Вольгі Гайдуковай, сустрэча працягвалася некалькі гадзінаў і была першай з моманту пераводу яе сына ў СІЗА КДБ у Мінску:
- Адвакат патрапіў да яго а дзясятай гадзіне, і да абеда з ім размаўляў - гэта ўпершыню нам так пашанціла, падрабязнасцяў зразумела мне ніхто не паведамляе. Як звычайна трымаецца нармальна, выглядае добра, сказаў, што здаровы. Размаўлялі яны з ім упершыню за такі доўгі час, напэўна пра тое, чаго я не ведаю, нейкія пытанні былі ў аднаго да другога напэўна. Адвакат - гэта адзіная сувязь са знешнім светам для Андрэя, таму ў гэтым сэнсе добра, што ён у яго пабываў.
Следства па справе Андрэя Гайдукова было працягнута яшчэ на месяц.
23-гадовы працоўны “Нафтана” быў затрыманы 8 лістапада 2012 года ў Віцебску. Як заявіў КДБ, гэта адбылося ў момант закладкі тайніка са звесткамі палітычнага і эканамічнага характару, якія цікавяць замежныя спецслужбы.
Гайдукоў, аднак, віны не прызнае. Раней у лістах ён папярэдзіў пра магчымую фабрыкацыю справы.