viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: “Ніколі не забуду лязгат цяжкіх жалезных турэмных дзьвярэй”

2013 2013-02-08T12:27:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

На волю прыйшоў ліст ад Алеся Бяляцкага, які ён напісаў 4 лютага – у дзень, калі мінулі паўтары гады з дня ягонага арышту.

“Што тут можна сказаць, час ляціць. Ён і тут не застыў і не спыніўся”, - пасьля нешматслоўнага каментару Алесь ілюструе свае пачуцьці з гэтай нагоды малюнкамі канадскіх школьнікаў. Піша, што яму вельмі падабаецца даволі вядомы лозунг, які часта пішуць у лістах салідарнасьці – “Ніколі не губляй надзеі!”, зазначаючы, што “па-ангельску ён гучыць больш хлёстка” - “Never Lose Hope!”

 

“А на гэтым малюнку невядомага мне Філіпа багата розных сімвалаў: два сьцяжкі – лукашэнкаўскі і канадскі, каля аднаго – замок, каля іншага – ключ. Здаецца, усё зразумела…”

“Пакуль жа ключ – у зусім іншых руках”, - піша Алесь, узгадваючы лязгат турэмных дзьвярэй за плячыма. “Год таму, калі я сядзеў у СІЗА ў Жодзіна, каб прайсьці з камеры да кабінету на сустрэчу з адвакатам, трэба было прамінуць 21 дзверы – у падземных калідорах, у пераходзе паміж будынкамі. І ўсе яны адчыняліся перада мной, а затым з лязгатам зачыняліся за сьпіной. Я ніколі не забуду гэты лязгат цяжкіх, жалезных, тоўстых дзьвярэй. Яны дзялілі прастору на кароткія адрэзкі. Імі былі адрэзаныя і будучыня і мінулае. А ты заставаўся ў цяперашнім часе, без мінулага і будучага. Толькі з ахоўнікам, у руках якога быў ключ”.

Нагадаем, старшыня ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году ў Менску. Падчас следства і судовага працэсу, які працягваўся з 2 па 24 лістапада 2011 году, утрымліваўся ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску. 1 сьнежня 2011 году быў пераведзены ў Жодзінскую турму №8. У лютым мінулага году на этапе перапраўкі ў калонію ён ізноў 11 дзён прабыў у менскім СІЗА-1. З 28 лютага 2012 году палітвязень знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 г. Бабруйску.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства