Загінуў былы палітвязень Арцём Грыбкоў
Трагедыя адбылася яшчэ 13 сьнежня 2012 года. «Ён загінуў у аўтакатастрофе,
але я не хачу ніякага розгаласу», — сказала карэспандэнту Свабоды ўдава
Арцёма Грыбкова Сьвятлана.
Цётка Грыбкова Людміла пацьвердзіла факт сьмерці
пляменьніка і сказала, што падрабязнасьцяў сама ня ведае.
Па жаданьні сваякоў Арцёма Грыбкова яго пахавалі на радзіме
ў Карэліцкім раёне.
Арцём Грыбкоў нарадзіўся 6 студзеня 1989 г. у Карэлічах.
Вучыўся ў Менскім каледжы лёгкай прамысловасьці, мастацкай вучэльні ў Міры.
У 2008 г. закончыў вучэльню будаўнікоў у Карэлічах.
У палітычных партыях і рухах ня ўдзельнічаў.
Працаваў на розных працах на рабочых спэцыяльнасьцях.
На момант зьняволеньня працаваў у гандлёвым цэнтры «Гіпа» грузчыкам і
прасаўшчыком гідраўлічнага прэсу.
Быў затрыманы 19 сьнежня 2010 г. на плошчы Незалежнасьці пасьля акцыі пратэсту
супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў.
У СІЗА ў Жодзіне адбыў 10 сутак.
12 студзеня зь месца працы Грыбкова забралі ў СІЗА на Валадарскага.
Потым вызвалілі і затрымалі другі раз, трымалі ў СІЗА КДБ.
Абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
26 траўня 2011 г. судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла
Грыбкова на 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.
Адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі № 2.
Вызвалены з калёніі 13 жніўня 2011 году.