viasna on patreon

У Магілёве старшыня абласной арганізацыі АГП абскарджвае забарону правядзення пікета

2013 2013-02-08T09:23:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shancau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў

Адпаведную заяву Уладзімір Шанцаў падаў 7 лютага ў Магілёўскі абласны суд.

“Я хачу, каб у нашай краіне пачала працаваць Канстытуцыя. У ёй прапісана, што крыніцаю ўлады з’яўляецца народ. Я, як прадстаўнік народа, маю поўнае права праводзіць пікетаванне ў цэнтры горада”, - гаворыць лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Апроч таго, паводле Канстытуцыі, я маю аднолькавае права з чыноўнікамі на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Аднак, яны, калі праводзяць такія мерапрыемствы, нічога за гэта не плацяць і праводзяць іх у цэнтры горада. Прадстаўнікі ж апазіцыйных партый і арганізацый мусяць свае мерапрыемствы праводзіць на ўскайку горада і яшчэ плаціць за іх”, - абураецца палітык.

Уладзімір Шанцаў кажа, што суд Ленінскага раёна не ўлічыў ягоныя аргументы і вынес неправамоцнае рашэнне, таму ён вырашыў абскардзіць ягонае рашэнне ў вышэйстаячым судзе.  

“Я пытаўся ў суддзі раённага суда, чаму мяне прымушаюць плаціць грошы за правядзенне пікета, а ўлада нічога за гэта не плаціць? На гэта яна сказала, што гэта не мае ніякага дачынення да справы. Я з гэтым не згодзен, бо гэта закранае інтарэсы простага народа”, - кажа Уладзімір Шанцаў.

Старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП перакананы, што для чыноўнікаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў устаноўлены прывілеі.

“У суддзе супрацоўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Аскольчанка сказаў, што няма ніякай дыскрымінацыі нашай партыі. Усім, хто падае заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў не ў вызначаных месцах адмаўляецца ў іх правядзенні. Пры гэтым чыноўнік нічога не сказаў пра асаблівасці пры правядзенні мерапрыемстваў, якія арганізуюцца мясцовымі ўладамі і што мясцовы гарвыканкам сам вызначыў месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў”, - гаворыць Уладзімір Шанцаў.

Нагадаем, што актывістам АГП магілёўскія ўлады не дазволілі праводзіць 10 пікетаў 19 снежня 2012 года ў цэнтры горада. Актывісты хацелі нагадаць людзям пра “Плошчу”, якая адбылася два гады назад і ў чарговы раз паведаміць гараджанам, што ў краіне існуюць палітвязні. Апроч таго магілёўскія актывісты хацелі прыцягнуць увагу жыхароў горада да праблемы прыватызацыі разнастайных дзяржаўных прадпрыемстваў. Паводле іх выбары былі скрадзены, каб скрасці дзяржаўныя прадпрыемствы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства